Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Італіі знайшлі скрадзеныя карціны Рэнуара, Сэзана і Маціса

Італьянскія паліцыянты са знойдзенымі карцінамі.
Італьянскія паліцыянты са знойдзенымі карцінамі.

Італьянская паліцыя знайшла тры карціны П’ера Агюста Рэнуара, Поля Сэзана і Анры Маціса, выкрадзеныя ў сакавіку з музэя Фонду Маньяні-Рока непадалёк ад Пармы.

Агульная цана твораў перавышае дзевяць мільёнаў эўра, паведамляе Reuters.

Карціны знайшлі ў доме аднаго з падазраваных у Парме. Па словах начальніка паліцыі горада Андрэа Пальяра, расьсьледаваньне вядзецца ў дачыненьні да дзевяці грамадзян Малдовы. Пяцёх зь іх падазраюць непасрэдна ва ўчыненьні крадзяжу.

Выкрадзеныя былі «Рыбы» Рэнуара коштам каля трох мільёнаў эўра, «Натурморт з чарэшняй» Сэзана, які ацэньваецца ў шэсьць мільёнаў, і «Адаліска на тэрасе» Маціса коштам каля 20 тысяч эўра.

Абрабаваньне адбылося ў ноч на 23 сакавіка і заняло менш за тры хвіліны. На апублікаваным паліцыяй запісы з камэраў назіраньня відаць, як два чалавекі з закрытымі тварамі праніклі ў будынак праз акно. Яны накіраваліся ў залю, дзе знаходзіліся карціны, зьнялі іх са сьцяны і перадалі саўдзельніку, які чакаў звонку.

Пасьля рабаваньня прадстаўнікі Фонду Маньяні-Рока заяўлялі, што зламысьнікі дзейнічалі «арганізавана» і маглі выкрасьці больш твораў мастацтва, калі б у музэі не спрацавала сыгналізацыя.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG