Грузінская пракуратура выставіла абвінавачаньне кіроўцу, які 12 жніўня не ўтрымаў свой мікрааўтобус на дарозе і той упаў у цясьніну. У выніку загінулі 4 беларусы, яшчэ 16 чалавек атрымалі траўмы.
Паводле сьледчых, кіроўца ня меў правоў адпаведнай катэгорыі для перавозкі такой колькасьці пасажыраў.
Яго затрымалі і абвінавацілі ў парушэньні правілаў бясьпекі руху, што прывяло да сьмерці больш як двух чалавек. Максымальнае пакараньне за такое злачынства — 10 гадоў зьняволеньня.
Пракуратура ўжо зьвярнулася ў суд, каб на час сьледзтва кіроўцу пакінулі пад вартай.
Што папярэднічала
За апошні час гэта другая аўтакатастрофа ў Грузіі, у якой загінулі грамадзяне Беларусі.
Сёлета 25 ліпеня ў Батумі ў выніку сутыкненьня турыстычнага мікрааўтобуса з беларускімі пасажырамі і легкавіка загінулі два грамадзяніна Беларусі — 43-гадовая жанчына і мужчына 63 гадоў. Яшчэ 12 чалавек атрымалі рознай цяжкасьці траўмы.
Паводле відавочцаў, удар быў настолькі моцны, што некаторыя пасажыры выпалі з салёну. Ад удару мікрааўтобус перакуліўся, а легкавік урэзаўся ў будынак Батумскага ўнівэрсытэту мастацтваў.
МУС Грузіі вядзе сьледзтва, каб выявіць прычыны аварыі і вінаватых у ёй.
Форум