15 жніўня МНС паведаміла, што кантраляваным выбухам пасьпяхова зруйнавалі трохпавярховы пакінуты будынак.
Хоць больш ніякай інфармацыі пра будынак не паведамілі, відавочна, што гаворка ідзе пра былую школу-інтэрнат, закрытую летам 2003 году — іншых такіх масіўных трохпавярховікаў у Асьвеі проста няма.
Перад закрыцьцём у школе-інтэрнаце было 100 выхаванцаў з асаблівасьцямі разумовага разьвіцьця і 14 сіротаў. Працавалі ў ёй 78 чалавек, пісаў БелаПАН.
Улады Верхнядзьвінскага раёну нейкі час спадзяваліся знайсьці інвэстара для ператварэньня будынка ў гасьцінічны коплекс і нават рабілі дробны рамонт.
Сёлета ў траўні гэты будынак 1961 году яшчэ спрабавалі прадаць за крыху больш як 113 тысяч рублёў, але пакупнікоў не знайшлося. Агульная плошча памяшканьняў была амаль 4500 м².
Паводле Белстату, два гады таму ў Асьвеі жыло крыху больш за 900 чалавек, пры тым што ў 1970-я колькасьць жыхароў набліжалася да 2,5 тысяч. Забудова мястэчка пераважна адна- двухпавярховая.
Навіны пра знос пакінутых будынкаў прыходзяць з Асьвеі рэгулярна. А ў 2021 годзе ў мястэчку зьнесьлі дом культуры — гэтак жа, накіраваным выбухам.
Чаму гэта важна
Беларускія ўлады ня раз заяўлялі, што трэба падтрымаць жыхароў вёскі, на гэта была скіраваная дзяржаўная праграма разьвіцьця аграгарадкоў, будаўніцтва ў вёсках жыльля, сацыяльных і гаспадарчых аб’ектаў, фэрмаў. Але ў краіне надалей працягваецца спад долі сельскага насельніцтва.
Форум