Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная аўтамабільная фэдэрацыя зьняла ўсе абмежаваньні зь беларускіх гоншчыкаў

МАЗ на ралі «Дакар-2020», з 2022 году каманду не дапускаюць да гэтай гонкі
МАЗ на ралі «Дакар-2020», з 2022 году каманду не дапускаюць да гэтай гонкі

Беларускія спартоўцы цяпер могуць удзельнічаць у аўтамабільных спаборніцтвах паасобку і ў камадзе, а таксама выкарыстоўваць дзяржаўную сымболіку.

Разам зь імі на спаборніцтвы могуць прыяжджаць і беларускія афіцыйныя асобы. Падпісваць абавязаньні пра нэўтралітэт не патрэбна.

Гэта ж тычыцца і расейскіх спартоўцаў. Рашэньне Міжнароднай аўтамабільнай фэдэрацыі ўжо ўступіла ў сілу.

11 жніўня стала вядома, што падобнае рашэньне прыняла і Міжнародная фэдэрацыя веславаньня на каноэ — яно ўступіць у сілу з 1 студзеня.

Чаму гэта важна

Міжнародныя спартовыя фэдэрацыі і Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) увялі абмежаваньні для расейскіх і беларускіх спартоўцаў пасьля маштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году, якому спрыяў рэжым Лукашэнкі.

7 траўня 2026 году выканаўчы камітэт МАК скасаваў ранейшыя рэкамэндаваныя ўмовы ад 28 лютага 2022 году і 28 сакавіка 2023 году ў дачыненьні да Беларусі і беларускіх спартоўцаў, у тым ліку ахоўныя меры.

Пасьля гэтага абмежаваньні зь беларускіх спартоўцаў ужо зьнялі фэдэрацыі ў наступных відах спорту: аўтамабільныя гонкі, барацьба, бокс, валейбол, веславаньне на байдарках і каноэ (з 2027 году), гандбол, гімнастыка, конны спорт, настольны тэніс, парусны спорт, роварны спорт, стральба з лука, студэнцкі спорт (унівэрсіяды), сучаснае пяцібор’е, фэхтаваньне, хакей на траве, цяжкая атлетыка, шахматы.

У хакеі беларускім камандам дазволілі вярнуцца толькі ў тры турніры сэзону 2026–2027 гадоў: мужчынскага юніёрскага чэмпіянату сьвету ў найвышэйшым дывізіёне, жаночага юніёрскага ў трэцім дывізіёне і жаночага дарослага — у чацьвёртым. Да галоўных турніраў — мужчынскага чэмпіянату сьвету году і моладзевага чэмпіянату сьвету (для гульцоў да 20 гадоў) — доступу не далі.

У скалалажаньні і тэнісе беларусам дазволілі выступаць толькі паасобку і ў нэўтральным статусе. У стралковым спорце ў нацыянальным статусе могуць выступаць толькі юніёры.

Міжнародная фэдэрацыя лёгкай атлетыкі па-ранейшаму цалкам забараняе беларускім спартоўцам удзельнічаць у сваіх спаборніцтвах — нават паасобку і ў нэўтральным статусе.

Ці абавязковыя рэкамэндацыі МАК

У заяве Выканаўчага камітэту МАК ад 7 траўня адзначалася, што з сакавіка 2023 году спартоўцы зь беларускімі пашпартамі ўдзельнічалі ў якасьці індывідуальных нэўтральных спартоўцаў у многіх міжнародных спартовых імпрэзах, у тым ліку ў Алімпійскіх гульнях 2024 году ў Парыжы і зімовых Алімпійскіх гульнях 2026 году ў Міляне, безь якіх-небудзь інцыдэнтаў на полі або па-за ім.

У МАК зьвярнулі ўвагу на тое, што сытуацыя з Расейскім алімпійскім камітэтам адрозьніваецца ад сытуацыі з Нацыянальным алімпійскім камітэтам Беларусі.

«НАК Беларусі мае добрую рэпутацыю і выконвае Алімпійскую хартыю», — гаворыцца ў тлумачэньні.

Дазвол удзельнічаць у спаборніцтвах маюць даваць канкрэтныя арганізатары і міжнародныя фэдэрацыі, яны маюць зважаць на рэкамэндацыі МАК, але не абавязаныя зь імі пагаджацца.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG