«Адчуваю сябе добра, але і тады я адчуваў сябе добра. Не адчувай, што ў мяне штосьці баліць. Толькі мне лекарам гэта не падабалася, не падабалася мая кардыяграма. Ну так ці інакш, добра, што гэтую апэрацыю зрабілі, бо лекары казалі, што гэта быў перадынфарктны стан», — сказаў Тадэвуш Кандрусевіч.
Відэазапіс з Тадэвушам Кандрусевічам апублікаваў ксёндз Аляксандар Улас на сваім Youtube-канале.
Герарх паведаміў, што яго шпіталізавалі адразу пасьля плянавага агляду.
«Стары чалавек падобны да старой машыны — як там марафет не навадзі, усё роўна старая машына», — дадаў Тадэвуш Кандрусевіч.
Арцыбіскуп-эмэрыт падзякаваў вернікам за падтрымку і малітвы.
Што папярэднічала
У пачатку жніўня стала вядома пра шпіталізацыю Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У лякарні ён знаходзіўся больш за 10 дзён.
Праз пагаршэньне стану здароўя Тадэвуш Кандрусевіч ня змог прыбыць на парафіяльнае сьвята ў Навалукамлі 25 ліпеня. Арцыбіскуп тады перадаў парафіі віншавальны ліст, у якім адзначыў, што праз стан здароўя і патрабаваньні лекараў вымушаны заставацца пад назіраньнем.
Што вядома пра Тадэвуша Кандрусевіча
Тадэвуш Кандрусевіч узначальваў Менска-Магілёўскую архідыяцэзію з 2007 году, у студзені 2021 году папа Рымскі прыняў яго адстаўку. У жніўні 2020 году ўлады Беларусі забаранілі Кандрусевічу ўезд на радзіму. Ён ня раз заклікаў улады спыніць гвалт супраць пратэстоўцаў. У сьнежні 2020 году Кандрусевіч змог вярнуцца ў Беларусь.
12 сакавіка 2025 году Менска-Магілёўская архідыяцэзія Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі паведаміла, што здароўе арцыбіскупа-эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча значна пагоршылася і што герарх мае анкалягічную хваробу.
Тадэвушу Кандрусевічу 80 гадоў. У лютым 2023 году яму зрабілі апэрацыю выдаленьня пухліны, у траўні 2024 году ён перанёс інфаркт і апэрацыю на сэрцы.
Форум