Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Беларусі на паўгоду абмежаваў імпарт драўлянай прадукцыі. Якія прычыны

Сьветлагорскі камбінат — флягман беларускай дрэваапрацоўкі. Ілюстрацыйнае фота
Сьветлагорскі камбінат — флягман беларускай дрэваапрацоўкі. Ілюстрацыйнае фота

Урад Беларусі на паўгоду ўвёў ліцэнзаваньне на ўвоз на тэрыторыю краіны сямі відаў прадукцыі з драўніны.

Як вынікае з апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі пастановы, разавыя ліцэнзіі будзе выдаваць Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю па ўзгадненьні з канцэрнам «Беллесбумпрам».

Разавыя ліцэнзіі павінны атрымліваць як пастаўшчыкі гэтай прадукцыі з краін Эўразійскага эканамічнага саюзу, так і тых дзяржаў, што не ўваходзяць у гэтую арганізацыю.

У прыватнасьці, урад увёў ліцэнзаваньне на пастаўкі наступных відаў прадукцыі:

  • пліты драўнянастружкавыя,
  • пліты з арыентаванай стружкай (OSB),
  • пліты драўлянавалакністыя з драўніны ці іншых адраўнелых матэрыялаў з дадаваньнем ці без дадаваньня смол ці іншых арганічных рэчываў,
  • вокны, гаўбічныя дзьверы і іх рамы іншыя (драўляныя),
  • дзьверы і іх рамы і парогі іншыя (драўляныя),
  • папера і кардон іншыя,
  • мяшкі і пакеты з паперы (за выключэньнем мяшкоў і пакетаў з крэйдаванай і немелаванай паперы і (або) кардону шчыльнасьцю звыш 180 г/м кв. з нанясеньнем каляровых малюнкаў з выкарыстаньнем рознага роду аздабленьня — цісьненьня, ламінацыі, лякіроўкі, фальгаваньня ў глянцавым ці матавым выкананьні).

У якіх выпадках звычайна абмяжоўваюць імпарт

Звычайна абмежаваньні на ўвоз прадукцыі ўводзяць для абароны ўнутранага рынку ад канкурэнцыі, падтрымкі нацыянальных вытворцаў, спыненьня абыходу санкцый і кантролю за паходжаньнем сыравіны, а таксама для папярэджаньня ўвозу небясьпечных шкоднікаў і захворваньняў расьлін.

Ліцэнзаваньне гэтых відаў драўлянай прадукцыі дазваляе зьнізіць залежнасьць ад вонкавых паставак і стымуляваць унутраную перапрацоўку сыравіны.

Стан беларускай дрэваапрацоўкі

Згода з афіцыйнай статыстыкай, летась і ў пачатку 2026 году прадпрыемствы канцэрну «Беллесбумпрам» дэманструюць «устойлівы рост аб’ёмаў вытворчасьці і глыбокую перапрацоўку драўніны». Пры гэтым дрэваперапрацоўчая прамысловасьць атрымлівае значную дзяржаўную падтрымку ў выглядзе рэструктурызацыі даўгоў і льготнага фінансаваньня інвэстыцыйных праектаў.

Паводле кіраўніцтва канцэрну, да 70 % прадукцыі, што вырабляюць прадпрыемствы галіны, экспартуюць. Флягманам зьяўляецца Сьветлагорскі камбінат, які па выніках 2025 году выпусьціў рэкордныя 370 тысяч тон сульфатнай цэлюлёзы.

На сярэдзіну 2026 году ўзровень складзкіх запасаў у прамысловасьці Беларусі, уключна з дрэваапрацоўчай і цэлюлёзна-папяровай галінамі) складае 84,1% ад сярэднемесячнай вытворчасьці. У пачатку 2026 году ён складаў 90,6 %.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG