Непадалёк ад Рыму 13 жніўня адбыўся магутны выбух на заводзе KNDS Ammo Italy, дзе вырабляюць боепрыпасы сярэдняга і вялікага калібру для сухапутных і ваенна-марскіх сілаў, паведамілі міжнародныя інфармацыйныя агенцтвы і італьянскія СМІ.
Перад выбухам на заводзе ўсчаўся пажар.
Людзі не пацярпелі, паведаміла кіраўніцтва кампаніі, перадае AFP.
Пра прычыну пажару пакуль не паведамілі.
У кастрычніку 2024 году група KNDS абвясьціла пра адкрыцьцё філіі ва Ўкраіне.
Трыма днямі раней, 10 жніўня, пажар адбыўся на прадпрыемстве EMCO ў Баўгарыі. Агонь перакінуўся на склад з боепрыпасамі, і пачалася дэтанацыя. EMCO пастаўляе зброю Ўкраіне. На ейнай тэрыторыі ўжо адбываліся выбухі ў 2022 і 2023 гадах.
Уладальнік EMCO Эміліян Гебрэў раней заяўляў, што ў красавіку 2015 году агенты расейскага ГРУ спрабавалі атруціць яго ў баўгарскім горадзе Бургасе, дзе ён жыў. Экспэртыза ўстанавіла, што падчас замаху на бізнэсоўца выкарыстоўвалі рэчыва клясы «Навічок». Гебрэў зьвязваў замах з тым, што ягоная кампанія займалася пастаўкамі зброі Ўкраіне, а таксама з магчымым інтарэсам Расеі да ягонага бізнэсу.
Форум