Мікалай Казека памёр 10 жніўня на 77-м годзе жыцьця. Пра ягоную сьмерць паведаміў у Інстаграме спартовец Вадзім Дзевятоўскі, а таксама Onliner з спасылкай на сваякоў трэнэра.
На Алімпійскіх гульнях з 1998 па 2022 год выхаваныцы Мікалая Казекі заваявалі восем мэдалёў: чатыры залатыя (Аляксей Грышын, Ала Цупер, Антон Кушнір, Ганна Гуськова), два срэбныя (Дзьмітры Дашчынскі і Ганна Гуськова) і два бронзавыя (Дзьмітры Дашчынскі і Аляксей Грышын).
Мікалай Казека нарадзіўся ў 1950 годзе ў Менску ў сям’і настаўніцы малодшых клясаў Вольгі Дзьмітрыеўны і літаратуразнаўцы, галоўнага рэдактара выдавецтва «Белдзяржвыдат» (потым «Беларусь»), намесьніка галоўнага рэдактара ў «Беларускай Савецкай Энцыкляпэдыі», ляўрэата Дзяржпрэміі БССР Янкі Казекі.
Яшчэ ў школе пачаў займацца скачкамі на батуце. У 15-гадовым узросьце дэбютаваў на першых усесаюзных спаборніцтвах, а ў 1972-м стаў чэмпіёнам СССР у скачках на батуце. Потым яшчэ ня раз станавіўся прызэрам спаборніцтваў.
Пасьля заканчэньня кар’еры паспрабаваў сябе трэнэрам па скачках у ваду, а ў 1986 годзе прыняў прапанову ўзначаліць каманду БССР у новым відзе спорту — фрыстайле (лыжная акрабатыка).
Пасьля атрыманьня краінай незалежнасьці быў нязьменным галоўным трэнэрам нацыянальнай зборнай Беларусі. Беларускія фрыстайлісты лічацца аднымі з наймацнейшых у сьвеце.
У 2020 годзе заслужаны трэнэр Беларусі выказаўся супраць гвалту сілавікоў і за новыя выбары. За гэта яго фактычна адхілілі ад працы з атлетамі. Пакуль ён з каранавірусам на пачатку 2021 году ляжаў у лякарні, яго адхілілі нават ад працы з моладзьдзю. У 2022 годзе зь ім не працягнулі кантракт.
Форум