Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску штогод за «абразьлівыя дзеяньні» датычна манумэнта Перамогі судзяць да трох чалавек

Плошча Перамогі ў Менску, дзе знаходзіцца манумэнт. Ілюстрацыйнае фота
Плошча Перамогі ў Менску, дзе знаходзіцца манумэнт. Ілюстрацыйнае фота

Судзьдзя суду Партызанскага раёну Менску Вераніка Абзалімава назвала хуліганства «адным з найбольш небясьпечных і распаўсюджаных правапарушэньняў, мэтай які зьяўляецца замах на грамадзкі парадак і спакой грамадзян».

«Адной з прыкмет хуліганства, за якое прадугледжана крымінальная адказнасьць, зьяўляецца выключны цынізм, пад якім разумеюць праяву ў дзеяньнях абвінавачанага дэманстрацыйнага і надзвычай пагардлівага стаўленьня да асноўных маральных каштоўнасьцяў грамадзтва», — сказала Вераніка Абзаліева дзяржаўнаму агенцтву «Минск-Новости».

У прыватнасьці, судзьдзя згадала манумэнт Перамогі ў цэнтры сталіцы (адміністрацыйна ўваходзіць у склад Партызанскага раёну Менску. — РС), які пэрыядычна церпіць ад хуліганаў.

Паводле яе, кожны з асуджаных, а іх «прыблізна тры чалавекі на год, ведаў аб гістарычнай значнасьці, культурнай каштоўнасьці і прызначэньні помніка».

«Разам з тым, у стане алькагольнага ап’яненьня, з цынічных і нізкіх памкненьняў, грэбуючы вызначанымі правіламі паводзін людзей у грамадзтве, яны ўчынілі дзеяньні, што груба парушаюць грамадзкі парадак, выказваюць відавочную непавагу да грамадзтва і адрозьніваюцца па сваім зьмесьце выключным цынізмам. Абвінавачаныя станавіліся нагамі на пастамэнт Вечнага агню, прыкурвалі цыгарэты ад яго полымя, кідалі ў яго недакуркі, спрабавалі „разагрэць“ над ім ежу», — расказала судзьдзя.

Вераніка Абзаліева адзначыла, што галоўнымі прычынамі такіх правапарушэньняў часьцей за ўсё былі ўжываньне алькаголю, недахопы ў выхаваньні, нізкая прававая культура, а таксама жаданьне выдзеліцца на тле іншых.

«Адказнасьць за ўчыненьне падобных дзеяньняў пачынаецца з 14 гадоў і (яны) кваліфікуюцца паводле ч. 1 артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу (хуліганства), санкцыя якой прадугледжвае розныя віды пакараньня, у тым ліку да трох гадоў пазбаўленьня волі», — папярэдзіла судзьдзя суду Партызанскага раёну.

Чаму гэта важна

Манумэнт Перамогі і «Вечны агонь» на плошчы Перамогі ў Менску стварылі ў гонар перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і ў памяць пра воінаў Савецкай арміі, партызанаў і падпольшчыкаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Цяпер улады сакралізуюць усе даты, зьвязаныя з Другой усясьветнай вайной, якую, як і ў савецкі час, у Беларусі называюць Вялікай айчыннай вайной.

У прыватнасьці, на тэме памяці пра гэтую вайну грунтуецца працэс мілітарызацыі, які цяпер адбываецца ва ўсіх адукацыйных установах краіны, пачынаючы зь дзіцячага садка.

У верасьні 2023 году два невядомых чалавека зьмясьцілі фота кіраўніка ПВК Яўгенія Прыгожына і камандзіра «Вагнэра» Дзьмітрыя Уткіна каля «Вечнага агню» на плошчы Перамогі ў цэнтры Менску пасьля іхнай гібелі ў авіякатастрофе 13 жніўня таго ж году. Аднак, улады не паведамлялі, ці кваліфікавалі гэтыя дзеяньні, як хуліганства.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG