Расейскія войскі нанесьлі авіяўдар па Сумах. Украіна атакавала прамысловую зону ў Татарстане

абноўлена
Наступствы расейскага абстрэлу горада Сумы ў траўні 2026 году.  Ілюстрацыйнае фота
Наступствы расейскага абстрэлу горада Сумы ў траўні 2026 году. Ілюстрацыйнае фота

У ноч на 10 жніўня расейскія войскі атакавалі Ўкраіну авіяцыйнай ракетай Х-59/69, трыма дронамі-ракетамі «Бандэроль» і 126 ударнымі дронамі. Памежжа абстрэльваюць з баявой авіяцыі.

Як паведамілі ў апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны, сілы супрацьпаветранай абароны змаглі абясшкодзіць 92 дроны і тры ракеты-дроны. 31 бесьпілётнік пацэліў па 22 лякацыях.

«У выніку актыўнага супрацьдзеяньня варожая ракета цэлі не дасягнула, месца падзеньня ўдакладняецца», — адзначылі ў Паветраных сілах Украіны.

У Сумскай абласной вайсковай адміністрацыі паведамілі, што расейскія войскі нанесьлі па абласным цэнтры 5 авіяўдараў, у выніку якіх 14 чалавек атрымалі раненьні, у тым ліку, 14-гадовы падлетак. Цяжкіх параненых няма. Ёсьць пашкоджаньні ў жылым сэктары і цывільнай інфраструктуры.

Адзін чалавек загінуў і сама меней чатыры чалавекі параненыя ў Запароскім і Палогаўскім раёнах Запароскай вобласьці. Гэты рэгіён і абласны цэнтар расейскія войскі абстрэльваюць з баявой авіяцыі, артылерыі і дронамі.

У Херсонскай вобласьці сама меней два чалавекі атрымалі раненьні. Улады працягваюць пад сталымі расейскімі абстрэламі праводзяць эвакуацыю мірных жыхароў.

Украіна працягвае атакаваць нафтавы сэктар Расеі

Улады Татарстану заявілі аб 12 загінулых і 39 пацярпелых у выніку атакі ўкраінскіх бесьпілётнікаў.

Як паведаміла Расейская служба Радыё Свабода з спасылкай на ўлады Татарстану, украінскія сілы цэліліся ў прамысловую зону Ніжнякамску.

Расейскія маніторынгавыя Telegram-каналы па выніках свайго аналізу выказалі меркаваньне, што цэльлю ўкраінскай атакі было прадпрыемства «Ніжнякамскнафтахім». У яго прамысловай зоне знаходзяцца два нафтаперапрацоўчыя заводы, якія раней ужо цярпелі ў выніку ўкраінскіх удараў.

Украінскія маніторынгавыя Telegram-каналы апублікавалі відэазапісы пажару і сьцьвярджаюць, што ўдар нанесьлі па НПЗ. Незалежнай інфармацыі пакуль няма.

​
XS
SM
MD
LG