З 1 верасьня сыстэма Payoneer спыніць адпраўку грашовых пераказаў на рахункі беларускіх банкаў. Такія апавяшчэньні атрымалі чытачы Office Life.
У паведамленьнях сыстэмы плацяжоў і кампаній, якія зь ёй працуюць, сказана, што служба прыпыніць працу да 31 жніўня.
У лістападзе 2025 году Payoneer абвясьціў, што больш не пераказвае грошай на даляравыя рахункі ў Беларусі. Тады даляравыя банкаўскія рахункі беларусаў адключылі ад Payoneer, «каб пазьбегнуць няўдалых транзакцый». Пры гэтым пераказы ў Беларусь на рахункі ў эўра працягвалі дзейнічаць.
Зь лютага 2022 году служба спыніла працу з тымі беларускімі банкамі, якія трапілі пад заходнія санкцыі. У кліентаў зьнікла магчымасьць выводзіць грошы і паўсталі складанасьці са стварэньнем новых уліковых запісаў.
Што папярэднічала
Санкцыі працягваюць уплываць на рашэньні асобных сыстэмаў аплаты наконт супрацы зь беларускімі грамадзянамі і юрыдычнымі асобамі.
У сакавіку цалкам адмовілася ў працы ў Беларусі сыстэм Skrill — электронная плацёжная сыстэма, заснаваная ў Лёндане. З 2022 году яна працавала для беларусаў з абмежаваньнямі, у тым ліку нельга было зарэгістраваць новую старонку.
11 лютага ад працы ў Беларусі адмовілася кампанія Paysera. Яна адзначыла, што прычынай сталі «дзейныя санкцыі і нарматыўныя абмежаваньні». У выніку ўсе апэрацыі па картках унутры Беларусі адключылі.
Паўплывалі заходнія абмежаваньні супраць Беларусі і на тысячы беларусаў, якія выехалі за межы радзімы. Платная служба Wise запатрабавала ад беларусаў, якія карыстаюцца яе рахункамі, падаць дадатковыя дакумэнты — дазвол на жыхарства якой-кольвечы краіны ЭЗ, Эўрапейскай эканамічнай зоны або Швайцарыі. Ускладняў беларусам умовы карыстаньня сваімі службамі і Revolut.
Форум