Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі выявілі ўжо каля паўтысячы нядбайных чыноўнікаў для скіраваньня на вайсковыя зборы

Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Праз паўмесяца пасьля свайго патрабаваньня адпраўляць нядбайных адмыслоўцаў і чыноўнікаў з уборачнай проста на зборы ў войска Лукашэнка публічна назваў першую лічбу такіх людзей.

У час сваёй паездкі па Менскай вобласьці Аляксандар Лукашэнка завітаў у Вялейскі раён. Як паведамляе ягоная прэс-служба, ён агледзеў палі з борту верталёта і заклікаў мясцовых аграрыяў лепей працаваць, падаўшы як узор працу іхных калег з поўдня Менскай вобласьці, а таксама з заходніх вобласьцяў краіны.

Таксама палітык зьвярнуў увагу на вялікія плошчы зарослых пустазельлем і выведзеных з абарачэньня палёў, назваў гэта бардаком.

Галоўнай жа заявай паездкі можна лічыць словы Лукашэнкі пра нядобрасумленных работнікаў, сярод якіх і чыноўнікі. Яшчэ 21 ліпеня ён загадаў адпраўляць такіх на вайсковыя зборы, а цяпер успомніў пра тое і назваў прыкладную лічбу тых, каго ўжо прыцягнулі да збораў у войску. Ён прапанаваў накіраваць такіх на Вялейшчыну.

«Каго хочаце прыцягвайце. Вазьміце дзьве батальённа-тактычныя групы, якія стварылі зь нядбайных чыноўнікаў і спэцыялістаў. Іх каля 500 чалавек, я іх называю дзьве батальённа-тактычныя групы. Прымусьце іх тут працаваць».

Праверыць лічбу, названую Лукашэнкам, на гэты момант немагчыма.

На адмыслова скліканай нарадзе Лукашэнка зноў прыгадваў савецкае мінулае. У прыватнасьці, адзначыў, што кампартыя згуляла вялікую ролю ў ягоным жыцьці, а сучаснай Беларусі не стае той сыстэмы кіраваньня, якая існавала ў Савецкім Саюзе.

«Штрафбаты» для чыноўнікаў

21 ліпеня ў час сэлектарнай нарады Аляксандар Лукашэнка заклікаў адпраўляць нядбаўных чыноўнікаў і адмыслоўцаў на дапамогу войску, у прыватнасьці на паўднёвыя рубяжы бліжэй да тэрыторыі Ўкраіны. Ён загадаў заняцца гэтым міністру абароны Віктару Хрэніну.

«Тыдзень падрыхтоўкі (гранатамёт, кулямёт), і туды — у распараджэньне сіл спэцыяльных апэрацый. Усіх туды, хто ня выканае даручэньні. Гэта мой загад. Любы чыноўнік (ва ўрадзе, аблвыканкаме, райвыканкаме)… Любое невыкананьне — у войска. Хай там служыць. У лесе будзе сядзець. Там таксама патрэбныя кадры. Няхай у пэрыяд жніва там паслужыць. І чыноўнік, і той, хто ня хоча працаваць».

Ужо на наступны дзень Хрэнін заявіў, што да выкананьня пастаўленай задачы падключаны вайсковыя камісары ў рэгіёнах. Асобна пра загад Лукашэнкі выказаўся 22 ліпеня і кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзьмітры Круты. Ён удакладніў, што гэтыя зборы будуць працягласьцю да 2-3 месяцаў. І накіроўваць на іх будуць усіх, незалежна ад пасады: калі чалавек сарваў працу — ён будзе накіраваны на зборы.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG