Як адзначаецца на сайце запаведніка, гэты грыб мае назву цыфелапорыя белавеская (Cyphelloporia bialoviesensis).
«Фактычна гэта азначае, што на сёньня адзіная ў сьвеце стабільна існуючая і пацьверджаная папуляцыя гэта віду знаходзіцца ў Белавескай пушчы, у гонар якой і быў названы», — адзначылі ў запаведніку.
Зьнешне грыб падобны на застылыя ў драўніне малочныя карункі або на акамянелую марскую пену.
Як адзначылі навукоўцы, асаблівасьць гэтага грыбу ў тым, што ён можа жыць і размнажацца толькі ва ўмовах высокай вільготнасьці і вялікай колькасьці драўніны, што раскладаецца. Гэта азначае, дадалі яны, што выдаленьне старых дрэў пры санітарных рубках аўтаматычна прывядзе да яго зьнікненьня.
«Гэтая знаходка навочна даводзіць, што мёртвая драўніна ў белавескай пушчы — ня сьмецьце, а ключавы кампанэнт экасыстэмы, — фундамэнт, на якім трымаецца жыцьцё вялікай колькасьці найбольш рэдкіх арганізмаў. [...] Запаведны рэжым пушчанскіх лясоў, дзе натуральныя працэсы не парушае чалавек, застаецца адзіным гарантам выжываньня падобных рэліктавых арганізмаў», — падкрэсьлілі навукоўцы.
Што папярэднічала
Навукоўцы Белавескай пушчы пэрыядычна знаходзяць на запаведнай тэрыторыі рэдкія віды расьлін і грыбоў.
Летась у Белавескай пушчы знайшлі ксілярыю ніткападобная (filiformis) — таксама ведкі від грыбоў з роду Xylaria. Сярод іншых вядомых грыбоў гэтага роду, якія таксама былі раней выяўленыя на тэрыторыі запаведніка, — так званыя «Пальцы мерцьвяка» і «Рогі аленя».
Перад гэтым у часе палявых дасьледаваньняў супрацоўнікі навуковага аддзелу Белавескай пушчы знайшлі буйную папуляцыю балотнага вужавага зельля (Ophioglossum vulgatum), якую раней не фіксавалі.
Сёлета ў ліпеня стала вядома, што Беларусь зьвярнулася да ЮНЭСКА з просьбай стаць пасярэднікам у спрэчцы з Польшчай вакол Белавескай пушчы. Менск сьцьвярджае, што польская памежная агароджа, пабудаваная падчас міграцыйнага крызісу, пагражае ўнікальнай экасыстэме.
Белавеская пушча — адзін з найстарэйшых лясных масіваў Эўропы і аб’ект Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА. Яна знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі і Польшчы, але пасьля палітычнага крызісу і міграцыйнай напружанасьці супраца паміж краінамі ў галіне аховы прыроды фактычна спынілася.
Форум