Як паведаміла прэсавая служба Лукашэнкі, начальнікам упраўленьня Сьледчага камітэту ў Менскай вобласьці стаў Уладзімер Шышко, у Магілёўскай вобласьці — Аляксандар Пратасавіцкі і у Горадзенскай — Аляксандар Агафонаў.
Паглядзелі, дзе яны працавалі раней і якімі крымінальнымі справамі апекаваліся.
Уладзімер Шышко
Да стварэньня Сьледчага камітэту працаваў сьледчым у органах пракуратуры. У 2011 годзе перайшоў у Сьледчы камітэт, ачольваў у свой час галоўнае ўпраўленьне расьсьледаваньня арганізаванай злачыннасьці і карупцыі ў цэнтральным апараце Сьледчага камітэту Беларусі.
24 сакавіка 2023 году ачоліў упраўленьне Сьледчага камітэту ў Магілёўскай вобласьці.
Як вынікае з адкрытых крыніц, Шышко вёў гучныя справы, зьвязаныя з карупцыяй у ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь» і на Беларускай чыгунцы, а таксама крымінальныя справы аб пратэстах 2020 году, аб «экстрэмісцкіх фармаваньнях» і фінансаваньні недзяржаўных арганізацыяў з-за мяжы.
Справа аб спробе зрыву рэфэрэндуму 2022 году
Шышко асабіста даваў справаздачы аб расьсьледаваньні справы аб рассылцы лістоў сябрам выбарчых камісіяў і грамадзянам перад рэфэрэндумам 2022 году, якім уносіліся зьмены ў Канстытуцыю.
Сярод фігурантаў справы — Сьвятлана Ціханоўская і Павал Латушка.
Справа аб камэнтарах у справе Андрэя Зельцара
Пасьля гібелі супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка пры ўварваньні сілавікоў у кватэру 31-гадовага ІТ-спэцыяліста Андрэя Зельцара, якога ў выніку застрэлілі, пад кіраўніцтвам Шышка масава дананімізавалі і прыцягвалі да адказнасьці грамадзян за рэакцыю ў сацыяльных сетках на падзею. У суды накіравалі справы супраць 57 грамадзян, якія пісалі камэнтары на адрас загінулага сілавіка і дзяржаўных органаў. Шышко публічна падкрэсьліваў, што тэхнічныя магчымасьці сьледчых дазваляюць высьветліць «якія-хаця дзеяньні ў сетках».
Справа аб фінансаваньні «экстрэмісцкіх фармаваньняў»
Шышко каардынаваў работу ў выяўленьні фінансавых патокаў, якія ішлі на падтрымку недзяржаўных арганізацыяў, незалежных мэдыя, пратэставых ініцыятываў, прызнаных у Беларусі «экстрэмісцкімі».
У прыватнасьці, пад яго куратарствам адсочвалі безнаяўныя грашовыя пераказы і данаты ад грамадзян праз плятформы BySol і іншыя, а таксама ад замежных фондаў.
Справа супраць Каардынацыйнай рады
Упраўленьне пад кіраўніцтвам Шышка непасрэдна ўдзельнічала ў зборы так званых «доказаў» супраць сяброў Каардынацыйнай рады, дзейнасьць якой разглядалі як стварэньне «экстрэмісцкага фармаваньня» з мэтай «захопу дзяржаўнай улады і разьмеркаваньня заходніх грантаў».
Аляксандар Пратасавіцкі
Аляксандар Пратасавіцкі ўвесь час працаваў у структурах Сьледчага камітэту — пачынаў кар’еру ў Менску з пасады старшага сьледчага ў асабліва важных справах ва ўпраўленьні расьсьледаваньня злачынстваў у сфэры арганізаванай злачыннасьці і карупцыі Галоўнага сьледчага ўпраўленьня, потым працаваў намесьнікам начальніка ўпраўленьня СК у Менскай вобласьці. На гэтай пасадзе (да свайго цяперашняга прызначэньня) ён кіраваў сьледчымі падразьдзеламі, якія займаюцца раскрыцьцём цяжкіх злачынстваў мінулых гадоў.
Справа аб мінулых злачынствах
Пад ягоным куратарствам сілавікі, як яны самі заяўлялі, раскрылі шэраг злачынстваў, у тым ліку забойства 19-гадовай мянчанкі ў 1999 годзе, забойства ў 2001 годзе кіроўцы грузавога аўтамабіля, якія перавозіў груз зь Нямеччыны ў Маскву, а таксама пабіцьцё і рабаваньне вэтэрана Вялікай айчыннай вайны.
Адказваў за супрацу з Расеяй
У сфэру абавязкаў Пратасавіцкага таксама ўваходзіла куратарства ўзаемадзеяньня з Расеяй і краінамі СНД у сфэры інтэграцыі генатыпаскапічных базаў і супольных ДНК-экспэртызаў для раскрыцьця транснацыянальных злачынстваў мінулых гадоў.
Аляксандар Агафонаў
Агафонаў пачаў сваю кар’еру з пасады сьледчага ў пракуратуры Менску. Перайшоў у Сьледчы камітэт адразу пасьля яго стварэньня.
У цэнтральным апараце Сьледчага камітэту Беларусі працаваў на пасадах спачатку першага намесьніка начальніка, а потым — начальніка Галоўнага сьледчага ўпраўленьня. Менавіта з апошняй пасады яго перавялі ў Горадзенскую вобласьць.
Справа байцоў ПВК «Вагнэр»
Агафонаў ачольваў сьледчую групу, якая ў 2020 годзе займалася расьсьледаваньнем дзеяньняў грамадзян Расеі, затрыманых пад Менскам незадоўга да прэзыдэнцкіх выбараў. Украіна патрабавала іх выдачы за ўдзел у баях на Данбасе. Аднак пасьля завяршэньня выбараў Лукашэнка ўхваліў рашэньне аб іх перадачы Расеі: 32 чалавекі перадалі ў Маскву, адзін — беларускі грамадзянін — застаўся на радзіме.
Справа Сяргея Ціханоўскага
Менавіта Агафонаў публічна камэнтаваў у дзяржаўных СМІ расьсьледаваньне справы Сяргея Ціханоўскага. У прыватнасьці, менавіта ён заявіў, што на лецішчы Ціханоўскага знайшлі 900 тысяч даляраў («мільёны за канапай»).
Справы пратэстоўцаў
Пад кіраўніцтвам Агафонава ў 2020–2021 гадах Галоўнае сьледчае ўпраўленьне СК займалася каардынацыяй, расьсьледаваньнем і перадачай у суд маштабных крымінальных справаў, зьвязаных з так званымі «беспарадкамі і пратэстамі».
У розныя пэрыяды сваёй кар’еры ён удзельнічаў у справах супраць апазыцыі. Вядома, напрыклад, што ён асабіста праводзіў допыт Паўла Севярынца ў 2007 годзе.
Чаму гэта важна
У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.
Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за 850 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.
Форум