«Віцебская Вясна» паведаміла, што сілавікі пачалі зноў прыходзіць да людзей, якіх ужо прыцягвалі да адказнасьці за ўдзел у масавых акцыях пратэсту 2020 году і ўключылі ў так званую базу «Беспорядки».
«Правяраюць месца прапіскі і тэлефоны. Ужо вядома пра некалькі выпадкаў, калі вынікам такіх праверак сталі адміністрацыйныя справы за „распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі“ (арт.19.11 КаАП). Людзей чакаюць суды і магчымыя штрафы ці арышты», — адзначаецца ў паведамленьні.
Паводле праваабаронцаў, базу «Беспорядки» стварылі на выкананьне даручэньня Аляксандра Лукашэнкі пасьля масавых пратэстаў у жніўні 2020 году для кантролю, уліку і збору статыстыкі. Афіцыйна яна называецца «Адзіная інфармацыйная сыстэма ўліку ўдзельнікаў акцый пратэсту», пра яе запуск абвясьцілі ў сьнежні 2020 году.
Ціск на палітзьняволеную Алену Лазарчык не спыняецца
У праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі, што Алену Лазарчык, асуджаную за «дапушчанае парушэньне вызначанага парадку адбываньня пакараньня ў выглядзе пазбаўленьня волі» 5 траўня ў чарговы раз перавялі ў памяшканьне камэрнага тыпу (ПКТ) на 6 месяцаў.
Вядома таксама, што 21 ліпеня 2026 году ў папраўчую калёнію № 24 накіравалі скаргу на парадак прадастаўленьня асуджаным спатканьняў, атрыманьня і адпраўленьня карэспандэнцыі, пасылак, перадач, бандэроляў і дробных пакетаў. Але адміністрацыя калёніі парушэньняў не выявіла.
Алену Лазарчык 19 верасьня 2022 году прысудзілі 8 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Пасьля дадалі яшчэ адзін артыкул за злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы.
У кастрычніку 2025 году стала вядома, што Алена моцна схуднела, мае праблемы з здароўем, у тым ліку са зрокам. Тады палітзьняволеную чарговы раз перавялі ў ПКТ. Перад гэтым яна знаходзілася ў ШІЗА, нагода невядомая. Раней яе ўжо пазбаўлялі пасылак і спатканьняў.
У Беларусі прызналі экстрэмісцкім сайт тэлеканалу Euronews
Такое рашэньне прыняў 4 жніўня суд Горацкага раёну Магілёўскай вобласьці.
У 2009—2014 гадах тэлеканалу Euronews чатыры разы даў інтэрвію Аляксандар Лукашэнка. А 5 ліпеня 2017 году ён сказаў падчас выступу ў АБСЭ, што «Euronews у нас глядзіць кожны грамадзянін».
Усяго за дзень ў «экстрэмісцкі» сьпіс улады ўнесьлі больш за 20 рэсурсаў.
- 1467 (YouTube)
- Euronews.com (Сайт)
- EUvsDisinfo (Сайт)
- FreeZhlobinContactBot (Telegram)
- Look at Grodno / look.at.grodno (Instagram, TikTok)
- Nasch DRUG (Telegram)
- neiserika (Instagram)
- sp_telegraf (Telegram)
- svetlana_shatilina (Instagram)
- Telegraf SP (Telegram)
- БелаМедиа бот (Telegram)
- Беларусы Замежжа — бот (Telegram)
- Беларусь_за_перемены. Бот для приема сообщений (Telegram)
- Ве1 (Telegram)
- Вернём Награбленное! (Telegram)
- ВОЛЬНЫ ХОР | VOLNY CHOR (Instagram)
- Горячая новость (YouTube, X)
- МЫ НЕ ХОЛОПЫ non-extremist (Telegram)
- НАУ (Telegram)
- Николай Масловский (@mikalai_maslouski) (Telegram)
- Плохие новости (ВКонтакте)
- Познавательно однако (Telegram)
- Рэзка (Instagram, Threads)
- СП (Telegram)
- Честная газета. Самиздат. (Instagram)
- Чат-бот «Беларусов Зарубежья» для обратной связи (Telegram)
Чаму гэта важна
У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.
Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за 850 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.
Форум