Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства адукацыі зацьвердзіла праграму новага факультатыву для школаў

Школа ў Беларусі, архіўнае фота
Школа ў Беларусі, архіўнае фота

У школах уводзяцца заняткі па выбары на псыхалягічную тэму.

Міністэрства адукацыі Беларусі зацьвердзіла праграму факультатыўных заняткаў «Мой псыхалягічны дабрабыт і дапамога аднагодкам у крызіснай сытуацыі». Факультатыў разьлічаны на навучэнцаў 5-7 клясаў школаў.

З новага навучальнага году праграма ўступае ў сілу, яе будуць увасабляць на практыцы нароўні з праграмай для 8-11 клясаў.

Праграма зьмяшчае зразумелыя, узроставыя альгарытмы: як распазнаць крызіс, як падтрымаць сябра, як паклапаціцца пра сябе, заяўляюць у міністэрстве.

Рабочы інструмэнт для пэдагагічных работнікаў, зазначылі ў ведамстве, ужо гатовы да ўкараненьня і разьмешчаны на Нацыянальным адукацыйным партале.

Што гэта значыць?

Міністэрства адукацыі адрэагавала на запатрабаваньні сучаснасьці. Шэраг псыхолягаў адзначае, што дзецям вельмі важная псыхалягічная падтрымка ў тыя часы, калі імкліва разьвіваюцца тэхналёгіі, а бацькі занятыя працай, каб зарабіць грошы на жыцьцё сям'і.

Разам з тым у беларускіх школах працягваецца інтэнсіўны ідэалягічны ціск. Напрыклад, у школах Гомельшчыны ў пачатку 2026 году праходзілі лекцыі, на якіх вучняў страшылі «экстрэмістамі» і заклікалі не далучацца да «сумнеўных» ініцыятыў.

Пазьней Міжнародная ініцыятыва iSANS прааналізавала працэсы, характэрныя для галіны адукацыі ў Беларусі. Навіны і падзеі траўня адмыслоўцы падзялілі на некалькі пунктаў. Вынікі майскага маніторынгавага дасьледаваньня прадэманстравалі, сярод іншага, разьвіцьцё ранейшых тэндэнцый, характэрных для беларускай адукацыі ў апошнія гады: абмежаваньне права палітычна неляяльных грамадзян на пэдагагічную дзейнасьць і ўзмацненьне ідэалягічнага кантролю з боку дзяржавы над сфэрай адукацыі.

У прыватнасьці, адбылося масавае ўцягваньне прарасейскіх арганізацый у сьвяткаваньне Дня Перамогі. Так званыя «Русские дома» правялі ў розных гарадах Беларусі шэраг сустрэчаў. У іх бралі ўдзел і прадстаўнікі беларускіх дзяржаўных устаноў — Беларускай акадэміі музыкі, Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў, Нацыянальнай бібліятэкі.

Таксама аналіз паказаў, як у Беларусі інтэнсыфікуецца працэс мілітарызацыі адукацыі. Травень адзначыўся пачаткам абавязковых навучальна-палявых збораў для вучняў 10-х клясаў ва ўсіх школах краіны. Упершыню працягласьць збораў павялічылася да 10 дзён, аднак яшчэ больш значнай зьменай стаў новы фармат іх правядзеньня.

Такім чынам, актыўнае ўваходжаньне новых тэхналёгій у жыцьцё школы не дапамагае вызваліць вучняў ад ідэалёгіі «русского мира» і лекцый пра шкоду пратэстаў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG