Правядзеньне онлайн-тэстаў і віртуальных сурмоўяў для ІТ-адмыслоўцаў становіцца ўсё больш марным. Прафэсар эканомікі Стэнфардзкага ўнівэрсытэту Нік Блум, які займаецца дасьледаваньнем дыстанцыйнай працы, адзначае, што шукальнікі масава выкарыстоўваюць нэўрасеткі ў час онлайн-інтэрвію.
«Многія ІТ-кампаніі раней наймалі людзей на аснове тэстаў у праграмаваньні. Цяпер яны больш ня могуць гэтага рабіць», — адзначыў Блум у падкасьце Economics Show ад Financial Times, заўважыў devby.
Прафэсар гаворыць, што працадаўцы вымушаныя вяртаць кандыдатаў у офісы на фінальныя і прамежкавыя этапы, бо ўжо ня ўпэўненыя, «праводзяць сумоўі з Claude ці з жывым чалавекам».
Словы прафэсара пацьвярджае статыстыка HR-платформы Greenhouse. Паводле іх леташняга дакладу AI in Hiring Report, 39% мэнэджэраў найму ў ЗША перавялі частку сумоўяў у вочны фармат, каб асабіста правяраць кандыдатаў.
Сьвежае спавешчаньне Greenhouse за 2026 год, меншае ў аб’ёме, ахапла Вялікую Брытанію, Ірляндыю і Нямеччыну. Новы дакумэнт паказаў, што звычай толькі ўзмацняецца. Працадаўцы масава дадаюць практычныя этапы праверкі навыкаў «жыўцом», баючыся падробных рэзюмэ і адказаў, створаных нэўрасеткамі.
Між тым, некаторыя гіганты выбіраюць супрацьлеглы шлях і дазваляюць выкарыстоўваць ШІ на сумоўях, зьмяшчаючы фокус з завучваньня коду на крытычнае мысьленьне. У Google запусьцілі пілётны праект, які дазваляе распрацоўнікам карыстацца зацьверджаным ШІ-памочнікам, а ў Cisco і стартапах накшталт Replit і Cognition традыцыйныя задачкі замянілі на практычныя праекты.
«Чалавечы чыньнік праверкі і экспэртыза цяпер важныя як ніколі», — падкрэсьліў віцэ-прэзідэнт Cisco ў найме Скот Макгакін.
Паводле незалежнага агрэгатара статыстыкі Gitnux, 70% кампаніяў ужо выкарыстоўваюць ШІ хаця б на адным з этапаў рэкрутынгу. Гэта статыстыка ня толькі ІТ-кампаніяў, а розных галін бізнэсу.
А што ў Беларусі?
У краіне адбылася гісторыя, якая намякнула на вяртаньне чалавека ў працэс набору людзей на працу і без падзеяў, якія адбываюцца ў сьвеце. У беларускім сэгмэнце Threads пашырыўся допіс адмыслоўца, які ў сваё рэзюмэ пры дапамозе ШІ ўставіў рэцэпт пельменяў. У выніку ён трапіў на сумоўе ў ІТ-кампанію.
Гэты рэцэпт быў у рэзюмэ побач з сапраўднымі дасягненьнямі і ўменьнямі, таму HR на іншым баку, які выкарыстоўваў штучны інтэлект для фільтрацыі заявак, не заўважыў нічога дзіўнага.
Сакрэт быў лёгкім, у рэцэпце пельменяў выкарыстоўваліся характэрныя для рэзюмэ словы «зьдзейсьніў», «рэалізаваў» і іншыя. Пра рэцэпт рэкрутэр даведаўся ўжо на сумоўі. Адмыслоўца ж, які такім чынам шукаў працу, хацеў праверыць, як працуюць альгарытмы нэўрасетак.
Пры гэтым Свабода раней размаўляла з прадстаўнікамі ІТ-галіны і даведалася, што звычайна людзі, якія задзейнічаюць ШІ пры складаньні заявак на працу, усё ж папраўляюць працу ШІ, не даручаючы праграмам усяго аб’ёму. А ў кампаніях цьвердзілі, што шмат дзе, нягледзячы на пашыранасьць ШІ, намагаюцца пакідаць чалавечы чыньнік, які прыбярэ памылкі папярэдніх этапаў набору.
Форум