Як паведаміла латвійскае выданьне LSM, у выходныя на гэтым пункце пропуску захрасьлі некалькі грузавікоў, якія не змаглі перааформіць дакумэнты. Ім прапанавалі ехаць на іншыя пункты пропуску.
Кіраўнік асацыяцыі грузаперавозьнікаў Latvijas auto Аляксандар Пацалуйка заявіў, што перавозьнікі нясуць страты, а інфармацыя аб аднаўленьні руху адсутнічае.
«Мяжа не працуе, машыны не прапускаюць ні туды, ні назад. Электронная чарга замарожаная, яна не працуе. І, вядома ж, у перавозьнікаў рэальныя праблемы. Яны ня ведаюць, што ім рабіць, як ім плянаваць. Таму што грузы аформленыя менавіта на гэты пункт перасячэньня мяжы. Усе стаяць і чакаюць. І галоўнае, што няма ніякай афіцыйнай інфармацыі. Ні Міністэрства ўнутраных спраў не надала інфармацыі, ні Міністэрства транспарту, ніхто нічога не надаў. Мы ад імя нашай асацыяцыі напісалі ліст ва ўсе ўстановы і будзем чакаць адказ, што гэта такое, з чым гэта зьвязана, і як доўга гэта будзе трываць», — сказаў Пацалуйка.
Паводле яго, праблемы могуць закрануць прыблізна 600 аўтамабіляў, якія знаходзяцца на гэтым пункце пропуску ўжо чатыры дні. Штодзённа іх колькасьць можа павялічвацца на 150 грузавікоў.
Колькі грузавікоў чакаюць на беларускім баку
Як адзначаецца на афіцыйным сайце Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, на 12-ю гадзін 3 жніўня ў Грыгораўшчыне чакаюць магчымасьці перасячы мяжу ў бок Латвіі 70 грузавікоў.
Беларускі бок пакуль таксама не камэнтуе сытуацыю на мяжы з Латвіяй. У суботу, 1 жніўня, беларуская мытня толькі праінфамавала аб рашэньні латвійскіх уладаў закрыць пункт пропуску і паабяцала паведамляць аб зьменах ў сытуацыі.
Як Латвія патлумачыла спыненьне транспартнага руху на мяжы зь Беларусьсю
Дзяржаўная памежная ахова Латвіі паведаміла, што рух праз пункт пропуску спынены праз збоі ў інфармацыйнай сыстэме.
Гэта ў эфіры Латвійскага радыё пацьвердзіла прадстаўніка ведамства Крыстынэ Пэтэрсоне. Паводле яе, працягваецца высьвятленьне абставін тэхнічнага збою.
Ва ўстанове па папярэджаньні кібэрінцыдэнтаў Cert.lv адзначылі, што пакуль нічога ня сьведчыць аб вонкавым узьдзеяньні на інфармацыйныя сыстэмы пункта «Патэрніекі».
Форум