Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі ІТ-бізнэс пачаў плаціць менш падаткаў Літве

Выява з адной з гульняў, распрацаваных беларускім Wargaming
Выява з адной з гульняў, распрацаваных беларускім Wargaming

Эканамічны аглядальнік ацаніў, чаму гэтак сталася.

Падатковыя паступленьні ў літоўскі бюджэт ад буйнога беларускага ІТ-бізнэсу скараціліся больш як на мільён эўра за першую палову 2026 году ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2025-га. Пра гэта піша тэлеграм-канал эканамічнага аглядальніка Вадзіма Сяховіча.

Супольны аб’ём падатковых плацяжоў чатырох кампаній зь беларускім капіталам, якія ўвайшлі ў топ-100 галіновых лідэраў ува ўплаце падаткаў, перавысіў за студзень–чэрвень €16,1 млн.

Год таму гэты паказьнік быў €17,3 млн.

Паводле зьвестак Дзяржаўнай падатковай інспэкцыі Літвы, у першым паўгодзьдзі 2026 году скарацілі адлічэньні ўсе чатыры беларускія кампаніі: EPAM sistemos (з €8 млн да €7,8 млн), Wargaming Vilnius (з €5,8 млн да €5 млн), Gurtam (з €3,1 млн да €3 млн) і Belka Games LT (з €0,4 млн да €0,3 млн).

Flo Health LTU наогул не ўвайшла ў топ-100 найбуйнейшых ІТ-падаткаплатнікаў у разгляданы пэрыяд.

Што гэта значыць?

Гэта значыць, што праз шэраг чыньнікаў беларускія ІТ-кампаніі займаюць усё меншае месца на рынку Літвы. Калі паўгода таму, у лютым, падлічвалі адлічэньні беларускіх кампаніяў у падатковы бюджэт Літвы, там таксама было зьніжэньне.

Як паведамляў аналітычны рэсурс Thinktanks, буйныя бізнэсы зь беларускімі каранямі, зарэгістраваныя ў Літве, у 2025 годзе зьнізілі выплаты ў бюджэт гэтай краіны. Рэсурс аналізаваў зьвесткі дзяржаўнай падатковай інспэкцыі Літвы.

«Як і ў выніках 2024 году, у топ-500 у 2025 годзе апынуліся чатыры кампаніі, якія маюць беларускіх уласьнікаў. Гэта тры кампаніі IT-бізнэсу, дзьве зь якіх (EPAM sistemos і Wargaming Vilnius) увайшлі ў першую пяцёрку найбуйнейшых падаткаплатнікаў у сваёй галіне.

У сьпіс трапіла адно мясаперапрацоўчае прадпрыемства, Krekenavos agrofirma з Кейданскага раёну. Яго саўладальніца — грамадзянка Беларусі Юлія Ўспаскіх-Круцікава. Усе кампаніі зь беларускімі каранямі „здалі пазыцыі“ ў рэйтынгу», — паведамляў Thinktanks.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG