Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарналыжны комплекс «Лагойск» прадалі на аўкцыёне. Таргі ладзілі тры гады

Грналыжны комплекс «Лагойск»
Грналыжны комплекс «Лагойск»

Комплекс, які калісьці належаў набліжанаму да Лукашэнкі прадпрымальніку Чыжу, нарэшце ўдалося прадаць. Аўкцыёны доўжыліся некалькі гадоў.

Аўкцыён у продажы гарналыжнага комплексу адбыўся 23 ліпеня. Апошняя стаўка склала 19 553 429, 27 рубля, а пакупнік павінен аплаціць усю суму на працягу 20 дзён, паведамляе Minsk News. Таксама факт продажу пацьвердзіла БелТА.

Для новага ўладальніка перад таргамі ставілі галоўную ўмову — захаваць прызначэньне комплексу і забясьпечыць яго даступнасьць усім катэгорыям грамадзян.

«Лагойск» прыпыніў працу 1 красавіка 2026 году. Гарналыжны цэнтар закрыўся з прычыны даўгоў. Пра закрыцьцё комплексу паведамілі на ягоным сайце. А яшчэ да таго комплекс некалькі гадоў ніяк не маглі прадаць з аўкцыёну.

Канкурэнт «Лагойску», гарналыжны комплекс «Сілічы», які належыць кіраўніцтву справаў Лукашэнкі, працягвае працаваць.

Што папярэднічала

Гарналыжны спартова-аздараўленчы комплекс «Лагойск» быў адкрыты ў студзені 2004 году. Уласьнік комплексу — кампанія «Трайпл» бізнэсоўца Юрыя Чыжа, тады набліжанага да Аляксандра Лукашэнкі. Пазьней ён трапіў пад перасьлед уладаў, а ягоная кампанія — у паласу крызісу.

Гэты гарналыжны цэнтар раней ужо выстаўлялі на таргі — і ў 2023 годзе, і сёлета ў красавіку. Апошні раз гэты абʼект спрабавалі прадаць за 23,2 млн рублёў, пісала дзяржаўная арганізацыя «БелЮрЗабесьпячэньне».

Беларускі бізнэсовец Юры Чыж лічыўся «гаманцом» Аляксандра Лукашэнкі. Атрымаўшы ад дзяржавы доступ да таннай расейскай нафты, ён раней з дапамогай свайго партнэра ўсяго за паўтара году зарабіў больш як пяць мільярдаў даляраў на маніпуляцыях з так званымі распушчальнікамі і разбаўляльнікамі.

На судзе ў лютым 2023 году Юрыя Чыжа прызналі вінаватым у легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, а таксама ў махлярстве, і прысудзілі 3,5 года зьняволеньня. Як вынікае з прысуду, ад тэрміну ў калёніі Юрыя Чыжа вызвалілі — ужылі амністыю і залічылі ў тэрмін пакараньня тое, што ён ужо адседзеў. Паводле некаторых выстаўленых раней абвінавачаньняў Чыжа памілавалі.

Нягледзячы на тое, што Чыж не атрымаў вялікага прысуду, свае прадпрыемствы ён пачаў імкліва страчваць, у тым ліку гарналыжны комплекс у Лагойску.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG