Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня 100 гадоў Алесю Адамовічу. Што варта ведаць пра выбітнага літаратара і грамадзкага дзеяча

Дэпутат Алесь Адамовіч выступае на паседжаньні Першага зьезду народных дэпутатаў СССР. Масква, 29 траўня 1989 году
Дэпутат Алесь Адамовіч выступае на паседжаньні Першага зьезду народных дэпутатаў СССР. Масква, 29 траўня 1989 году

Пісьменьнік шмат перажыў, шмат напісаў, стаў перакананым пацыфістам, адыграў важную ролю ў беларускай гісторыі другой паловы ХХ ст. Успамінаем Алеся Адамовіча на стагодзьдзе ад дня ягонага нараджэньня.

Афіцыйна ўважалася, што Алесь Адамовіч нарадзіўся 3 верасьня 1927 году. Гэтак і было запісана ў энцыкляпэдыях. Але сапраўдная дата нараджэньня Адамовіча — 3 жніўня 1926 году. Нарадзіўся будучы пісьменьнік у вёсцы Канюхі Капыльскага раёну ў сям’і лекараў.

Зьмена даты нараджэньня тлумачылася проста для таго часу — у вайну маці больш як на год «падмаладзіла» сына, ратуючы яго ад вывазу ў Нямеччыну. У тую ж вайну юны Алесь далучыўся да партызанскага руху.

Адстойваў праўду пра Чарнобыль

Вайна загартавала яго, і Адамовіч навучыўся гаварыць наўпрост. Вось чаму ў сярэдзіне 1980-х ён стаў адным зь першых, хто падняў у літаратуры тэму чарнобыльскай катастрофы і яе сапраўдных маштабаў. Адным ёмістым выказваньнем ён апісаў паводзіны камуністычнага кіраўніцтва БССР у першыя дні пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС:

«Немцы, каб выпрабаваць карнікаў з нашых людзей, прымушалі рабіць іх асабліва жудаснае. І ўжо калі ты сваю вёску расстраляў, дык табе давяраць будуць бязьмежна. Чыноўнікі, якія здрадзілі і заклалі свой народ, — ім ужо апарат можа давяраць бясконца».

Беларускі пісьменьнік Алесь Адамовіч на «Маршы міру — 1982»
Беларускі пісьменьнік Алесь Адамовіч на «Маршы міру — 1982»

Пісьменьнік настойваў на тым, што тых, хто замоўчваў праўду пра Чарнобыль, трэба строга пакараць:

«Вінаватых у Чарнобылі трэба судзіць. Бо калі не спыніць гэтую безадказнасьць, гэтую кругавую паруку і вялікую хлусьню на ўсіх узроўнях, мы не ўратуемся і ад Чарнобылю, і ад непазьбежных новых катастрофаў».

Зь першых гадзінаў трагедыі Адамовіч пачаў зьбіраць зьвесткі пра наступствы катастрофы, дамогся прыёму ў кіраўніка СССР Міхаіла Гарбачова, а перад гэтым яго на прыём запрасіў кіраўнік ЦК Камуністычнай партыі Беларусі Мікалай Сьлюнькоў і спрабаваў пераканаць, што паказьнікі радыяцыі невялікія і не павінны выклікаць зашмат трывогі.

Але страх Сьлюнькова перад маскоўскім кіраўніцтвам быў Адамовічу вядомы, ён працяваў зьбіраць зьвесткі для падрабязнай справаздачы. Ад навукоўцаў даведаўся, што няма адпаведных прыладаў, а ўнутранае апраменьваньне людзей нясе яшчэ большую небясьпеку, чым вонкавае, прычым на ўсёй тэрыторыі Беларусі. За бязьдзейнасьць Адамовіч пазьней назаве Сьлюнькова «чарнобыльскім Пілятам».

Алесь Адамовіч з Васілём Быкавым
Алесь Адамовіч з Васілём Быкавым

Адамовіч ведаў, што партыйнае кіраўніцтва БССР адсочвае кожны ягоны крок. Ведаў і пра магчымыя правакацыі з боку партыйных чыноўнікаў Антановіча і Сеўрука, якія ўжо ў 1990-я стануць працаваць у апараце Аляксандра Лукашэнкі.

Івану Антановічу, загадчыку аддзелу ЦК КПБ, належыць фраза, якую Адамовіч пасьля назаве «гістарычнай» і якая шмат у чым пакажа сапраўднае стаўленьне камуністычных чыноўнікаў да людзей:

«Ну што Вы ўсіх палохаеце, палохаеце. Ня ў гэтым рэч, у рэшце рэшт — загіне ці не загіне народ. Калі нават увесь народ наш загіне і застануцца жывымі дзесяць чалавек, дык важна ня гэта. А важна тое, каб гэтыя дзесяць заставаліся савецкімі людзьмі».

Выступы і публікацыя Алеся Адамовіча пра Чарнобыль істотна паўплывалі на ўсьведамленьне грамадзкасьцю заходніх краін маштабаў трагедыі. Адамовіч паспрыяў арганізацыі дапамогі ахвярам Чарнобылю з краін, дзе раней пра Беларусь ведалі мала, у прыватнасьці, зь Японіі.

Алесь Адамовіч з касой каля роднай хаты ў Глушы
Алесь Адамовіч з касой каля роднай хаты ў Глушы

У №  9 за 1998 год літаратурнага часопісу «Новый мир», самага папулярнага на той час у СССР, надрукавалі эсэ Адамовіча «Честное слово, больше не взорвётся» пра небясьпеку ядзернай энэргетыкі. Гэтая публікацыя супала з барацьбой супраць плянаў пабудовы Віцебскай АЭС і дала экалягічным актывістам дадатковыя аргумэнты. У выніку ўпершыню ў СССР пад ціскам грамадзкасьці (было сабрана каля 60 тысяч подпісаў віцяблянаў) улады мусілі адмовіцца ад будаўніцтва атамнай станцыі.

Але ў іншы гістарычны час, у незалежнай Беларусі, калі рэжым Лукашэнкі праігнараваў усе пратэсты супраць пабудовы АЭС у Астраўцы, Адамовіча на сьвеце ўжо не было. Ён памёр у 1994 годзе.

Аднак ня толькі змаганьнем за праўду пра Чарнобыль праславіўся Алесь Адамовіч. У яго ёсьць і іншыя заслугі, якія ня страцілі актуальнасьці і падкрэсьліваюць значнасьць ягонай постаці ў дні 100-годзьдзя пісьменьніка і грамадзкага дзеяча.

Стварыў новы жанр у беларускай літаратуры

Разам зь пісьменьнікамі Янкам Брылём і Ўладзімерам Калесьнікам Алесь Адамовіч выдаў дакумэнтальную аповесьць «Я з вогненнай вёскі», у якой сабраныя ўспаміны пра зьнішчаныя нацыстамі паселішчы разам з жыхарамі.

Гэта была ня першая кніга з запісамі ўспамінаў удзельнікаў і сьведкаў вайны, але менавіта Адамовіч, Брыль і Калесьнік выйшлі на такі мастацкі ўзровень, які дазволіў сказаць пра стварэньне новага жанру дакумэнтальнай прозы ў беларускай літаратуры. Пазьней нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч назаве Алеся Адамовіча ў ліку сваіх настаўнікаў.

Запісаў успаміны Васіля Быкава

У сакавіку 1985 году Алесь Адамовіч угаварыў Васіля Быкава падзяліцца ўспамінамі пра дзіцячыя і юнацкія гады і запісаў дыялёгі на магнітафон.

Алесь Адамовіч за працай
Алесь Адамовіч за працай

Тэкст быў зьняты Верай Сямёнаўнай Адамовіч, у жніўні 2001-га ў Франкфурце Быкаў дапоўніў успаміны — адначасова працуючы над кнігай «Доўгая дарога дадому», якую прачытаў перад мікрафонам Радыё Свабода.

Падтрымаў дэмакратычныя сілы Беларусі

У гады перабудовы Алесь Адамовіч падтрымліваў дэмакратычныя ініцыятывы ў тагачаснай БССР і, у прыватнасьці, стварэньне Беларускага Народнага Фронту за перабудову «Адраджэньне».

Пасьля жорсткага разгону «Дзядоў» увосень 1988 году ён назваў кансэрватыўнае кіраўніцтва БССР «Вандэяй перабудовы», гэтыя словы прыжыліся як характарыстыка камуністычных лідэраў ня толькі Беларусі.

Янка Брыль, Уладзімер Карпаў (Масква), Алесь Адамовіч і Дзьмітры Кавалёў. 1976 г. З фондаў БДАМЛМ
Янка Брыль, Уладзімер Карпаў (Масква), Алесь Адамовіч і Дзьмітры Кавалёў. 1976 г. З фондаў БДАМЛМ

У 2019 годзе на малой радзіме Алеся Адамовіча — у Глушы за 20 км ад Бабруйску — зьявіўся першы помнік клясыку. Улады адмаўляліся дазволіць і помнік, і пераназваньне вуліцы Кастрычніцкай, на якой яго мелі паставіць, у вуліцу Адамовіча. Тапанімія Глушы так і не зьмянілася, а вось помнік усё ж дазволілі паставіць. Грошы на яго стварэньне цалкам сабрала грамадзкасьць.

Публікацыі пра Алеся Адамовіча на Радыё Свабода

Кісларод гуманізму, або чаму Алесь Адамовіч актуальны сёньня

30 год без Алеся Адамовіча. Правілы жыцьця пісьменьніка, палітыка і гуманіста

«Гэты развал — вялікае шчасьце...» Апошняе інтэрвію Адамовіча па-беларуску

20 нечаканых фактаў. Алесь Адамовіч

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG