Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Легендарны гарадзенец». У Польшчы выйшла пасьмяротная кніга вершаў Юрыя Гуменюка

Кніга вершаў Юрыя Гуменюка «І крыж каменны вырасьце, як дрэва»
Кніга вершаў Юрыя Гуменюка «І крыж каменны вырасьце, як дрэва»

У Беластоку выйшла беларуская кніга паэзіі «І крыж каменны вырасьце, як дрэва». Гэта выбраныя вершы вядомага горадзенскага паэта Юрыя Гумянюка, які трагічна загінуў 13 гадоў таму ў Горадні, дзе жыў, працаваў, напісаў дзіцячыя п’есы, раман і вершы.

Кнігу выпусьціла польскае выдавецтва EkoPress. Падрыхтаваў кнігу да выданьня Алесь Аркуш, які з 2006 году жыве ў Беластоку.

У інтэрвію Свабодзе ён сказаў, што сабраў у кнізе 83 вершы вядомага горадзенскага паэта і напісаў да яе прадмову.

«Выбраў найбольш дасканалыя з мастацкага боку вершы Юрыя. Назва кнігі — радок ягонага верша „Вечны камень“. Юра ў маладосьці на магіле дзеда паставіў вялікі крыж, пад ім цяпер ён ляжыць і сам. Таму назва кнігі сымбалічная: у ёй і трагічны лёс, і памяць з надзеяй», — расказаў Алесь Аркуш.

Юры Гумянюк, беларускі паэт, празаік і журналіст, загінуў у Горадні 19 студзеня 2013 году, яму было 43 гады. Напярэдадні трагедыі Юры сказаў сябрам пра перасьлед КДБ. Афіцыйная вэрсія сьмерці — самагубства.

Збор выбраных вершаў Юрыя Гуменюка — чацьвёртая кніга сэрыі «Брукаванка», кніг беларускіх паэтаў, імёны якіх вядомыя, але праз складанасьці цяперашняга часу яны могуць апынуцца на ўзбочыне памяці, тлумачыць выдавец.

«У паэзіі гэтак бывае — чалавек сыходзіць і ягонае імя забываюць, асабліва гэта ўласьціва рэгіянальнай паэзіі. А беларуская паэзія складаецца з рэгіянальных, бо ўсё ж Беларусь — немалая краіна. Калі параўнаць паэтаў з Палесься з тымі, хто жыве на поўначы, то яны будуць моцна адрозьнівацца: пачынаючы з мовы і канчаючы мітамі, героямі ды іншым, з чаго і складаецца літаратура. І горадзенская літаратура таксама вельмі адметная і багатая, найперш асаблівая горадзенская паэтычная школа, якую Юра ярка прадстаўляе.

Таксама ён быў зьвязаны зь Беластокам, бо скончыў аддзяленьне паляністыкі Горадзенскага ўнівэрсытэту, друкаваўся ў мясцовых выданьнях, супрацоўнічаў з мэдыя. Таму мы вырашылі гэтай кнігай нагадаць пра Юрыя Гуменюка — майстра паэтычнага слова і ўвогуле — легендарнага гарадзенца. Асноўная мэта — актуалізаваць ягоную паэзію, якая ня мусіць забыцца», — тлумачыць Алесь Аркуш.

Юры Гумянюк каля помніку свайму дзеду Іосіфу Гуменюку
Юры Гумянюк каля помніку свайму дзеду Іосіфу Гуменюку

Сэрыю збораў вершаў беларускіх паэтаў «Брукаванка» Алесь Аркуш называе «бурштынавай» і тлумачыць:

«Брукаванка — наш сымбаль. Шлях. Кожны паэт пакідае свой сьлед на гэтым шляху». Паводле задумы выдаўца, штогод плянуецца выпускаць да 10 кніг вершаў беларускіх паэтаў. Ужо выйшлі шэсьць, але ня ўсіх аўтараў Алесь можа назваць, бо яны жывуць у Беларусі і друкаваньне за мяжой можа ім пашкодзіць.

«Нашыя кнігі складаюцца з 70-80 вершаў, маюць прыкладна па 100 старонак. Невялікі, як кажуць, „кішэнны“ фармат абумоўлены тым, што кніга найперш прызначаная беларусам, якія жывуць у эміграцыі і проста фізычна ня маюць магчымасьці захоўваць аб’ёмныя выданьні. Кнігі выходзяць невялікім накладам, але іх можна замовіць на сайце інтэрнэт-крамы kamunikat.org. Вельмі важна і тое, што паводле польскіх правілаў асобнікі кожнай новай кнігі рассылаюцца галоўным польскім бібліятэкам, таму няма сумневу: гэтая паэзія ня зьнікне», — сказаў Алесь Аркуш.

Наступным у сэрыі «Брукаванка» рыхтуецца збор вершаў яшчэ аднаго горадзенскага паэта, таксама нябожчыка Андрэя Пяткевіча.

Прэзэнтацыя кнігі вершаў Юрыя Гуменюка «І крыж каменны вырасьце, як дрэва» адбудзецца а 17.00 1 жніўня ў прасторы «Новая зямля» (Беласток, вул. Сьв. Роха 5/32).

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG