Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зальцбурскі фэстываль адкрылі беларусы: Марыя Калесьнікава і Віталь Алексяёнак

Марыя Калесьнікава, люты 2026
Марыя Калесьнікава, люты 2026

У аўстрыйскім Зальцбургу адкрыўся адзін з самых прэстыжных музычных форумаў сьвету — Зальцбурскі фэстываль. Сёлета яго адкрыла прамова музыканткі, былой беларускай палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай, а музычнай часткай урачыстасьці кіраваў беларускі дырыжор Віталь Алексяёнак.

Арганізатары адзначылі, што запрасілі Калесьнікаву як чалавека, чыя гісторыя стала прыкладам таго, як мастацтва можа даваць мужнасьць і падтрымку нават ва ўмовах рэпрэсіяў. Адна з арганізатарак фэстывалю Карын Бэргман заявіла, што «мова музыкі і паэзіі заўсёды мацнейшая за гвалт, тыранію і самавольства», — цытуе яе DW.

Прафэсійная флейтыстка Марыя Калесьнікава стала адной зь лідэрак беларускіх пратэстаў 2020 году. У верасьні 2021 яе засудзілі на 11 гадоў пазбаўленьня волі паводле абвінавачаньняў у «змове з мэтай захопу ўлады» і іншых палітычна матываваных артыкулах. Да гэтага яна сарвала спробу прымусовай высылкі з краіны, разарваўшы свой пашпарт на беларуска-ўкраінскай мяжы.

У сьнежні 2025 году Калесьнікаву вызвалілі разам яшчэ са 122 палітвязьнямі пасьля перамоваў паміж Менскам і Вашынгтонам, якія прывялі да частковага зьмякчэньня амэрыканскіх санкцыяў супраць Беларусі. Пасьля вызваленьня яна пакінула Беларусь.

Марыя Калесьнікава — ганаровая прафэсарка ўнівэрсытэту «Моцартэўм» у Зальцбургу і ляўрэатка Міжнароднай прэміі імя Карла Вялікага.

Музычную праграму адкрыцьця ўзначаліў беларускі дырыжор Віталь Алексяёнак разам з аркестрам «Моцартэўм». Пасьля падзеяў 2020 году ён адкрыта выступіў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, а цяпер займае пасаду галоўнага дырыжора Нямецкай опэры на Рэйне ў Дзюсэльдорфе.

Зальцбурскі фэстываль — адзін з найбуйнейшых у сьвеце фэстываляў клясычнай музыкі і тэатру. Сёлета ён працягнецца да канца жніўня. У праграме — больш за 170 канцэртаў і спэктакляў з удзелам вядучых аркестраў, дырыжораў і салістаў з усяго сьвету.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG