Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія войскі ўдарылі па выставе зброі ў Кіеве, некалькі чалавек загінулі

Месца выставы пасьля расейскага ракетнага ўдару
Месца выставы пасьля расейскага ракетнага ўдару

Яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек атрымалі розныя раненьні ў выніку ўдару.

Заснавальнік кампаніі ў вытворчасьці абароннай прадукцыі First Contact і ўдзельнік баявых дзеяньняў Валер Баравік паведаміў, што Расея ў Кіеве нанесла ўдар па адным з палігонаў, дзе праходзіла выстава зброі.

На гэты час вядома пра 6 загіблых, таксама ўкраінскія экстраныя службы паведамляюць пра дзясяткі параненых. Дакладная лічба невядомая.

У гэтым месцы адбывалася практычнае дэманстрацыйнае мерапрыемства Defense Demo Day & Defense Expo «Critically Protected», зарганізаванае «ARMADA» — Асацыяцыяй вытворцаў бесьпілётных сыстэмаў і сумежных тэхналёгій. Заяўленая мэта мерапрыемства — комплексныя рашэньні ў абароне крытычна важнай інфраструктуры ад сучасных паветраных пагрозаў, піша «Українська правда».

Дарадца прэзыдэнта Сяргей «Флэш» Бяскрэснаў ускосна пацьвердзіў удар.

«Дзякуй, сябры, я ў парадку. Каманда жывая», — напісаў ён у Facebook.

Пазьней Украінская рада збраяроў пацьвердзіла, што ў Кіеўскай вобласьці адбыўся варожы ракетны ўдар па месцы, дзе знаходзіліся прадстаўнікі ўкраінскай абароннай прамысловасьці.

Паводле іх слоў, інфармацыя пра дакладнае месца правядзеньня выставы публічна не раскрывалася.

Цяпер Рада збраяроў просіць усіх, хто апынуўся побач зь месцам удару, не рабіць здымкаў і не высылаць нікуды, бо гэта можа дапамагчы акупацыйным расейскім войскам.

Гэта ня першы падобны абстрэл

Расейцы не ўпершыню даведваюцца пра сакрэтныя месцы правядзеньня падобных выставаў і б'юць туды.

У жніўні 2023 году расейскае войска нанесла ракетны ўдар па драматычным тэатры ў цэнтры Чарнігава, дзе ў межах дэманстрацыйнага дня «Люті пташки» праходзіў сход вытворцаў бесьпілётнікаў і школаў паветранай выведкі, хоць дакладнае месца правядзеньня было вядомае толькі ўдзельнікам мерапрыемства.

Расейскі «Іскандэр» пацэліў у дах абласнога драматычнага тэатру імя Шаўчэнкі, забіўшы 7 і параніўшы сотні людзей на вуліцы. На месцы ўдару былі вялікія разбурэньні.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG