Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праз 6 гадоў пасьля выраку ў Літве затрымалі беларуса, які стала жыве ў Гішпаніі

Памежны пераход Меднікі, дзе затрымалі беларуса. Архіўнае фота
Памежны пераход Меднікі, дзе затрымалі беларуса. Архіўнае фота

41-гадовы беларус ухіляўся ад адбываньня прызначанага судом Літвы пакараньня ў выглядзе арышту.

Мужчыну знайшлі падчас праверкі аўтамабіля Kia Carnival з рэгістрацыйнымі нумарамі Кыргызстану, што ехаў зь Беларусі. Пра выпадак паведамляе LRT з спасылкай на Дзяржаўную памежную службу Літвы.

Паводле літоўскіх памежнікаў, з красавіка 2020 году яго шукала паліцыя Вільні. Яго ўпусьцілі ў Літву праз памежны пункт Меднікі і затрымалі.

Высьветлілася, што беларускі грамадзянін раней, з 2013 па 2015 год, меў дазвол на часовае жыхарства ў Літве. Цяпер ён мае дазвол на жыхарства ў Гішпаніі.

Высьветлілася, што гэтага чалавека шукае і француская паліцыя. Тэрмін дзеяньня крымінальнага прысуду, паводле якога ён быў асуджаны на арышт у Літве, мог бы скончыцца 8 студзеня 2030 году. Памежнікі затрымалі грамадзяніна Беларусі, зьмясьцілі яго ў ізалятар часовага ўтрыманьня і перадалі віленскай паліцыі.

Колькі беларусаў затрымлівалі на літоўскай мяжы

Паводле Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, сёлета супрацоўнікі памежнай службы затрымалі трох грамадзян Беларусі, якія знаходзіліся ў вышуку.

У 2025 годзе затрыманых літоўскімі памежнікамі беларусаў, якія знаходзіліся ў вышуку, было 11, у 2024-м — 6.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG