Сям’я памерлай пісьменьніцы Сьвятланы Курс хоча годна разьвітацца з чалавекам, які ўсё сваё жыцьцё прысьвяціў беларускай мове, літаратуры і журналістыцы, — тлумачыць мэту збору фонд BySol.
У плянах правесьці публічную цырымонію разьвітаньня ў Варшаве. Дакладныя месца і час сям’я асобна паведаміць пазьней. Пасьля гэтага цела Сьвятланы плянуюць перавезьці ў Беларусь, аформіць усе патрэбныя дакумэнты і пахаваць яе на радзіме.
Каб зрабіць гэта магчымым, сям’я ўжо мусіла ўзяць крэдыт, гавораць арганізатары збору. Менавіта пагасіць гэты крэдыт просяць дапамагчы беларусаў сьвету.
Сума збору складае €6000, на раніцу 23 ліпеня сабралі 6354 эўра. Зь іх патрэбна:
- €2000 — на арганізацыю публічнай цырымоніі разьвітаньня зь Сьвятланай у Варшаве
- €2200 — на рэпатрыяцыю цела з Польшчы ў Беларусь
- €800 — на афармленьне неабходных дакумэнтаў і консульскіх дазволаў
- €1000 — на арганізацыю пахаваньня ў Беларусі
Хто такая Сьвятлана Курс
Пра сьмерць адной з найвядомейшых беларускіх пісьменьніц сучаснасьці паведаміла сям’я. Пазьней стала вядома, што яна памерла 19 ліпеня.
Сьвятлана Курс паходзіць зь Любаншчыны. Яна даўно жыла ў Польшчы.
У першым нумары часопісу Аrche ў 1998 годзе было апублікавана яе першае апавяданьне «Мы два Хохлікі». У 2008 годзе ў «Кнігарні Нашай Нівы» выйшаў зборнік апавяданьняў «Шлях дробнай сволачы». У 2015 годзе яна апублікавала ў «Нашай Ніве» апавяданьне «Параска і яе чорны бык» не пад псэўданімам, а пад сапраўдным прозьвішчам.
У 2020 годзе пад псэўданімам Ева Вежнавец выйшла яе кніга «Па што ідзеш, воўча?» (выдавецтва «Пфляўмбаўм»/Выдавец Раман Цымбераў). Твор пераклалі на некалькі моваў сьвету, а кніга стала адной з найбольш прадаваных у беларускіх кнігарнях. У 2021 годзе яна атрымала за кнігу прэмію Ежы Гедройця.
У канцы чэрвеня кнігу Сьвятланы Курс (Евы Вежнавец) «Па што ідзеш, воўча?» у перакладзе Малгажаты Бухалік на польскую ўключылі ў доўгі сьпіс польскай прэміі Angelus. У пачатку ліпеня Сьвятлана на сваёй старонцы ў Фэйсбуку прасіла прывезьці ёй пэўную кнігу зь Беларусі. Празь некалькі дзён яе ня стала.
Летась стала вядома, што ў Курс дактары знайшлі рак яечніка ў позьняй стадыі.
У траўні беларусы сьвету за адзін дзень сабралі для пісьменьніцы 12 тысяч эўра на лячэньне замест 10 тысяч, якія прасілі на зборы.
Форум