Пра накіраваньне ў Вярхоўны суд крымінальнай справы абвінавачанага ў «генацыдзе беларускага народу» Аляксандра Буглая паведаміла Генэральная пракуратура.
Паводле яе даных, Буглай ачольваў ваенізаваны падразьдзел «Белая каманда», якое пазней рэарганізавалі ў роту, затым у батальён. Са сьнежня 1943 году адзінка называлася «Баявы добраахвотніцкі батальён імя Буглая».
Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаны «з пачатку дысьлякацыі на акупаванай тэрыторыі БССР у складзе ўзброеных арганізаваных групаў пры 551-й палявой камэндатуры і Гомельскай палявой жандармэрыі, а таксама „Белай каманды“ ўзначальваў названыя фармаваньні і выконваў злачынныя загады высокага кіраўніцтва нацысцкай Нямеччыны».
Сьцьвярджаецца, што на тэрыторыях Гомельскай, Менскай і Магілёўскай вобласьцяў Буглай «на падставе сувязі з савецкімі партызанамі ладзіў і зьдзяйсьняў карныя апэрацыі і злачынныя акцыі».
У выніку гэтых дзеяньняў, паводле вэрсіі сьледзтва, былі зьнішчаныя шляхам расстрэлаў «ня менш за 174 чалавекі зь ліку мірных грамадзян, уключна з састарэлымі і ня менш як 27 дзецьмі», спалена «ня менш за 238 жылых дамоў і іншых пабудоў», выкрадзена маёмасьць насельніцтва і вывезена ў рабства «ня менш за 77 чалавек».
У ведамстве заявілі што сьлечая група Генэральнай пракуратуры «сабрала бясспрэчныя доказы віны гэтага калябаранта».
Генпракуратура таксама паведаміла, што гэта восьмая крымінальная справа ў дачыненьні «нацыстаў і іхных памагатых», накіраваная ў суд.
Хто такі Аляксандар Буглай
Аляксандар Буглай нарадзіўся ў 1910 годзе ў вёскі Кіркоўшчына Нясьвіскага раёну.
У 1941 годзе ён пайшоў на службу да немцаў, якія акупавалі тэрыторыю Беларусі. Пачынае працаваць як сьледчы палявой жандармэрыі ў Гомлі.
У Гомлі ж ён ажаніўся, у яго зьявілася дзіця. У гады вайны Буглай, нягледзячы на беларускую нацыянальнасьць, актыўна супрацоўнічаў з расейскімі нацыяналістамі. У Бабруйску, дзе з 1943 году быў цэнтар расейскіх нацыяналістаў, Буглай запісаў увесь свой батальён у расейскі Зьвяз барацьбы з бальшавізмам.
Усходні батальён удзельнічаў у антыпартызанскіх акцыях на ўсходзе Беларусі. Байцы пераапраналіся ў белыя маскхалаты Чырвонай арміі. Партызаны прымалі іх за сваіх, за дывэрсантаў з-за лініі фронту.
Вайну Аляксандар Буглай скончыў ў Даніі маёрам расейскага дабраахвотнага батальёну Вэрмахту. Пасьля вайны актыўна выехаў за мяжу, супрацоўнічаў зь беларускай дыяспарай, быў прызначаны «Генэралам Вызвольнага Войска» БЦР. Эміграваў у ЗША, дзе і памёр у 1990 годзе.
Некалькіх афіцэраў і жаўнераў батальёну Буглая, што хаваліся ў СССР, знайшлі і асудзілі. Прысуд выносіў у 1974 годзе трыбунал Беларускай вайсковай акругі.
Чаму гэта важна?
Тэму «генацыду беларускага народа» рэжым Лукашэнкі пачаў актыўна прасоўваць каля пяці гадоў таму. У 2021 годзе быў прыняты закон «Аб генацыдзе беларускага народу».
Пад «беларускім народам» у кантэксьце дакумэнту «разумеюцца савецкія грамадзяне, якія пражывалі на тэрыторыі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і (або) пасьляваенны пэрыяд» (да 31 сьнежня 1951 году). «Вялікай Айчыннай вайною» рэжым Лукашэнкі, як і рэжым Пуціна ў Расеі, паводле старой савецкай традыцыі называюць адрэзак нямецкага наступу на Савецкі Саюз цягам ІІ усясьветнай вайны. Пры гэтым усялякімі спосабамі замоўчваецца актыўная супраца камуністачнага рэжыму СССР з нацысцкай Нямеччынай.
17 ліпеня 2023 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон «Аб зьмяненьні Крымінальна-працэсуальнага кодэксу», які дазваляе перасьледаваць памерлых у крымінальным парадку.
За «адмаўленьне генацыду беларускага народу» ч. 2 арт. 130 КК прадугледжвае адказнасьць у выглядзе 5 гадоў зьняволеньня, за паўторнае парушэньне закону — ад 3 да 10 гадоў пазбаўленьня волі.
Пры гэтым архівы КДБ дагэтуль закрытыя ў Беларусі. Улады адмаўляюць злачынствы савецкага рэжыму і ўважаюць сябе за яго пераемнікаў. Дасьледнікі гэтай тэмы раней спатыкаліся зь цяжкасьцямі ў вольным доступе да дакумэнтаў, а цяпер рызыкуюць трапіць пад крымінальны перасьлед.
Форум