Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Беларусі дасьледаваньні вайны могуць атаясамлівацца з рэабілітацыяй нацызму

Сядзіба Гэнральнай пракуратуры ў Менску. Ілюстрацыйнае фота
Сядзіба Гэнральнай пракуратуры ў Менску. Ілюстрацыйнае фота

Улады Беларусі актывізаваліся ў пошуках нацыстаў. Крымінальную справу за «рэабілітацыю нацызму» завялі супраць блогеркі, тэлевядоўцы Кацярыны Ваданосавай, якая жыве за мяжой. А Вярхоўны суд працягвае судзіць даўно памерлых людзей за генацыд.

Крымінальныя справы за рэабілітацыю нацызму заводзілі ў Беларусі і да падзеяў 2020 году, але публічна вядомых імёнаў беларусаў, асуджаных менавіта паводле артыкулу 130-1 Крымінальнага кодэксу, мала. У большасьці выпадкаў улады не раскрывалі асобаў пакараных. Называлі іх коратка — «жыхар Менску», «малады чалавек 2001 г. н.»

Сытуацыя зьмянілася з хваляй рэпрэсіяў, якая пачалася пасьля масавых пратэстаў лета-восені 2020 году. Адным з апошніх гучных выпадкаў стала крымінальная справа супраць блогеркі Кацярыны Ваданосавай. Зачэпкай стала яе відэалекцыя «Галоўны міт Другой усясьветнай — забойства гаўляйтара Вільгельма Кубэ. Што ня так?» на YouTube-канале «Будзьма беларусамі!», дзе былі выкарыстаныя фрагмэнты зь вядомых мастацкіх стужак «Гадзіньнік спыніўся апоўначы» 1959 году і «Паляваньне на гаўляйтара» 2012 году выпуску. Як сказана ў паведамленьні пракуратуры, справу завялі паводле ч. 3 артыкулу 130-1 Крымінальнага кодэксу па факце «сьвядомых дзеяньняў у рэабілітацыі нацызму». Паводле гэтага артыкулу Ваданосаву могуць пакараць пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 5 да 12 гадоў.

Кацярына Ваданосава — вядомая блогерка, тэлевядоўца, майстрыха аднаўленьня беларускіх народных строяў, сьпявачка. Выпускніца гістарычнага факультэту БДПУ імя Максіма Танка, які закончыла з чырвоным дыплёмам.

Паводле Генэральнай пракуратуры, відэалекцыі Ваданосавай створаныя «з мэтай рэабілітацыі нацызму», а аўтарка «гераізавала нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых, уключна з прадстаўнікамі нацыяналістычных калябарацыянісцкіх фармаваньняў», «наўмысна праслаўляла іх, а таксама зьдзейсненыя імі злачынствы супраць мірнага насельніцтва БССР».

«Азаронак „прайшоўся“ па мне»

Сама Кацярына Ваданосава ня ведае, што канкрэтна Генэральная пракуратура палічыла прыкметамі рэабілітацыі нацызму, таму прызнаецца, што ёй цяжка камэнтаваць.

«Напэўна, увогуле тэма Вялікай Айчыннай вайны зараз зьяўляецца „сьвяшчэннай каровай“ для рэжыму. Мала таго што закранулі гэтую тэму, дык мы ж яшчэ крытыкавалі савецкі лад жыцьця! За пару тыдняў да таго, як пракуратура выступіла з заявай, спадар Азаронак у „Жоўтых зьлівах“ „прайшоўся“ па мне, і стала ясна, што будзе нейкая рэакцыя. Іншая рэч, што артыкул нетыповы, новы, лічаныя асобы зьяўляюцца „рэабілітатарамі нацызму“, а экстрэмістамі і тэрарыстамі — шмат людзей. І яшчэ не адбылася дэвалідызацыя, абясцэньваньне гэтага статусу. Але, думаю, гэта пытаньне часу», — мяркуе Кацярына.

Кацярына Ваданосава
Кацярына Ваданосава

Яна і хацела б паставіцца да гэтага з гумарам, але ёй горка — і не таму, што гэта яе нейким чынам абражае. На думку Кацярыны, гэта паказьнік таго, у якім стане цяпер гістарычная навука ў Беларусі і чаго ўвогуле чакаць далей.

«Наколькі гэта ўсё вычварна! Мы апусьціліся да таго ўзроўню, як калі пасьля падзеньня Рыму на рымскім Форуме пасьвілі кароваў. Прыкладна на такім узроўні цяпер гістарычная навука ў нашай краіне. І далей будзе толькі горш. Гэта пужае, бо на аднаўленьне пойдзе вельмі шмат часу і высілкаў», — кажа спадарыня Ваданосава.

Калябарацыяністы і нацысты

Акадэмічны дырэктар Беларускага інстытуту публічнай гісторыі Аляксей Ластоўскі кажа, што беларуская дэмакратычная апазыцыя, нацыянальна сьвядомыя лідэры у вачах улады даўно атаясамліваюцца з калябарацыяністамі. І ўзгадвае сумна вядомы фільм Юрыя Азаронка (бацькі прапагандыста Грыгорыя Азаронка. — РС) «Нянавісьць. Дзеці хлусьні», зьняты яшчэ ў 1995 годзе.

«І цяпер мы бачым гэтую пасьлядоўную рэалізаццыю. Нават калі ўзяць кнігі, выпушчаныя Генэральнай пракуратурай і прысьвечанныя генацыду беларускага народу, там проста на вокладцы гэтае параўнаньне: калябарацыяністы і нацысты візуальна атаясамліваюца з пратэстоўцамі.

Трэба час ад часу падкідваць дровы ў вогнішча, пастаянна дэманстраваць гэтую сувязь. І калі няма рэальных прэцэдэнтаў таго, каб дэмакратычная апазыцыя працягвала і падтрымлівала нацысцкую ідэалёгію, пачынаюць стварацца такія прыклады, дзе якія-колечы дасьледаваньні вайны могуць атаясамлівацца з рэабілітацыяй нацызму ці апраўданьнем генацыду», — перакананы гісторык Аляксей Ластоўскі.

Аляксей Ластоўскі, архіўнае фота
Аляксей Ластоўскі, архіўнае фота

На яго думку, гэта выразная стратэгія дыскрэдытацыі апазыцыі. А сама гісторыя Другой усясьветнай вайны вельмі складаная і цяжкая.

«Зараз існуе такая праблема: якое-хаця гістарычнае дасьледаваньне гэтага пэрыяду будзе ўпірацца якраз у тое, як паказаць нейкія неадназначнасьці (напрыклад, пра гісторыю партызанскага руху), якім чынам зараз можна пісаць? Нават дасьледаваньне, угрунтаванае цалкам на выкарыстаньні крыніцаў, можа быць інтэрпрэтавана як „апраўданьне нацызму“, „дыскрэдытацыя“ або „фальсыфікацыя гістарычнай праўды“.

Таму ў Беларусі ў апошнія гады фактычна зьніклі гістарычныя дасьледаваньні гэтага пэрыяду. Прасьцей перапісваць старыя падручнікі, чым праводзіць новыя дасьледаваньні пра вайну і трапіць пад рэпрэсіі. Гэта прывяло да рэальнага заняпаду вывучэньня Другой усясьветнай вайны, гэтая праблематыка зараз выбухованебясьпечная.

А Генэральная пракуратура мусіць паказваць сваю актыўнасьць, пастаянна ажыўляць „вобраз ворага“», — падсумоўвае Аляксей Ластоўскі.

На яго думку, беларускім навукоўцам небясьпечна вывучаць ня толькі тэму вайны, але таксама гісторыю нацыянальна-вызвольнага руху ХХ стагодзьдзя, гісторыю савецкіх рэпрэсіяў.

«Судзіць людзей, якія даўно памерлі, — абсурд»

Акрамя завядзеньня новых справаў за «рэабілітацыю нацызму», Генэральная пракуратура працягвае перадаваць справы даўно памерлых нацысцкіх злачынцаў у суд. У сьпісе «меркаваных нацысцкіх злачынцаў», апублікаваным на сайце пракуратуры, каля тысячы імёнаў.

Днямі Вярхоўны суд прызнаў немца Ганса Зыглінга, які, як сказана, уваходзіў у склад СС і ахоўнай паліцыі, вінаватым у генацыдзе беларускага народу. Зыглінг памёр у Нямеччыне ў 1978 годзе, таму абвінаваўчы прысуд вынесены без прызначэньня пакараньня.

Мэмарыяльны комплекс у Хатыні. Архіўнае фота
Мэмарыяльны комплекс у Хатыні. Архіўнае фота

Агулам у 2024–2025 гадах у Беларусі вынесена каля дзясятка такіх прысудаў: у дачыненьні Ўладзіміра Катрука і Канстанціна Смоўскага, якіх абвінавацілі ў спаленьні вёскі Хатынь, памерлага ў Вялікаq <рытаніі ў 1997 годзе Сямёна Серафімовіча, Осіпа Віньніцкага ды іншых нябожчыкаў. Да канца 2026 году плянуецца перадаць у Вярхоўны суд яшчэ каля 15 такіх справаў. У кожнай справе дзясяткі тамоў, залучаныя вялікія сьледчыя групы. На думку Аляксея Ластоўскага, сілавыя структуры Беларусі спаборнічаюць між сабой, ствараюць ілюзію расьсьледаваньня важных справаў.

«Генэральная пракуратура вырашыла стаць адказнай за курс беларускай гістарычнай палітыкі і вынесьці тэму генацыду на першы плян. А далей трэба нейкім чынам гэта пастаянна падтрымліваць, накручваць. Відавочна, што рэальных злачынцаў ужо пакараць немагчыма. Тэарэтычна гэтае пытаньне можна было пераводзіць у нейкі інстытут, які займаўся б вывучэньнем, фіксацыяй такіх злачынстваў. Падобныя інстытуты ёсьць і ў іншых краінах. І калі б пракуратура дзейнічала ў такім ключы, магчыма, і была б нейкая карысьць», — лічыць гісторык.

Спадар Ластоўскі лічыць, што ў сытуацыі ёсьць і пэўныя плюсы: знайшлі новыя масавыя пахаваньні, раней невядомыя. Але суд над людзьмі, якія даўно памерлі, выглядае абсурдна.

«Гэта супярэчыць базавым прынцыпам юрыспрудэнцыі. Бо калі судзіць чалавека, неабходна, каб ён мог абараняцца. А гэта суд, які супярэчыць усім нормам і правілам, паводле якіх павінен ажыцьцяўляцца судовы працэс. Гэта робіцца для нейкай сымуляцыі актыўнасьці, дэманстрацыі важнасьці», — мяркуе ён.

На думку Ластоўскага, у цэлым інтарэс, увага, цікавасьць да тэмаў рэабілітацыі нацызму спадае. Нават у беларускіх дзяржаўных СМІ значна менш сталі пісаць пра генацыд беларускага народу, чым гэта было, да прыкладу, у 2021–2023 гадах.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG