Раней Віленскі акруговы суд штрафаваў лідэра партыі «Nemunas Aušra» (Нёманская зара) Рэмігіюса Жамайтайціса на 5 тысяч эўра. Аднак пракурор Юстас Лаўцюс запатрабаваў павялічыць суму ў дзесяць разоў — да 52 250 эўра.
Судзьдзя Віталя Наркунайце заявіла, што лідэр партыі «Nemunas Aušra» (Нёманская зара) сваімі публікацыямі «груба прымяншаў генацыд габрэйскага народа, Галакост, і зьдзейсьніў працяглую злачынную дзею», піша з судовай залі агенцтва BNS.
Паводле яе слоў, суд першай інстанцыі дапусьціў памылкі ва ўстанаўленьні юрыдычна значных фактаў, у выніку чаго было прызначана няправільнае пакараньне.
Паводле пастановы суду Жамайтайціс як дэпутат Сейма перавысіў межы законнага самавыяўленьня, сыстэматычна і публічна зьдзекаваўся, прыніжаў і распальваў нянавісьць да групы людзей і асоб, якія ўваходзяць у яе, па прыкмеце іх габрэйскай нацыянальнасьці, мэтанакіравана распальваў міжнацыянальную варажнечу, скажаў гістарычныя факты.
Рашэньне ўступіла ў сілу з дня абвяшчэньня, але можа быць абскарджана ў касацыйным парадку.
Прычына перасьледу палітыка
Прычынай перасьледу сталі яго заявы ў парлямэнце і камэнтары ў сацыяльных сетках. У прыватнасьці, паводле сьледзтва, у траўні 2023 года ён напісаў, што «ў сьвеце зьявілася яшчэ адна жывёліна — Ізраіль», такім чынам адрэагаваўшы на знос Ізраілем палестынскай пачатковай школы.
У чэрвені таго ж года Жамайтайціс публічна і груба прынізіў у Facebook генацыд габрэяў (Галакост), учынены нацысцкай Нямеччынай на тэрыторыі Літвы, у абразьлівай форме. 14 чэрвеня, напярэдадні Дня памяці і жалобы, ён напісаў, што Літва ніколі не забудзе тых расейцаў і габрэяў, якія ўдзельнічалі ў дэпартацыі літоўцаў.
Рэмігіюс Жамайтайціс не прызнаваў сваёй віны. Раней у судзе ён заявіў, што выказаныя ім меркаваньні маглі быць шакавальнымі і непрымальнымі, але, паводле яго слоў, яны былі накіраваныя на крытыку дзеяньняў Ізраіля ў сэктары Газа, а не на ачарненьне габрэйскага народу.
У лістападзе 2023 года Сейм Літвы зьвярнуўся ў Канстытуцыйны суд з просьбай ацаніць заявы Рэмігіюса Жамайтайціса. У красавіку 2024 года (пасьля таго, як суд прызнаў, што ён парушыў прысягу і Канстытуцыю) палітык сышоў з пасады дэпутата. У кастрычніку 2024 года, пасьля парлямэнцкіх выбараў, яго партыя ўвайшла ў Сейм, і ён зноў стаў дэпутатам.
Што Жамайтайціс казаў пра Беларусь
Рэмігіюс Жамайтайціс — прыхільнік «палітыкі шантажу» ў дачыненьнях Літвы з Эўрапейскім Зьвязам. Ён выступаў з нэгатыўнай ацэнкай знаходжаньня Офісу Ціханоўскай у Вільні, крытыкаваў беларускую дэмакратычную лідэрку за невалоданьне літоўскай мовай.
Абмяркоўваючы мігранцкі крызіс, створаны на мяжы з боку Беларусі, ён назваў няправільнай рэакцыяй дзяржавы, калі мігрантаў вярталі назад на беларускую тэрыторыю.
Паводле яго, Літва стала буфэрам Эўразьвязу і нічога не атрымала ад эўрапейскай структуры для вырашэньня гэтай праблемы.
Паводле яго слоў, такім эканамічным шляхам можна было «вырваць» Беларусь з уплыву Расеі.
«Беларускі народ ужо быў практычна з намі, яшчэ ў 2011–2012 гадах мы былі ў міжведамасных дэлегацыях, і яны самі казалі: „У рэшце рэшт мы зусім пазбавімся ад гэтай Расеі“. І мы заціснулі іх у кут. Цяпер нам трэба іх прыручыць. Гэта складаная работа. Некаторыя людзі кажуць, што ніколі ў жыцьці ня змогуць гэтага зрабіць. Але ж былі і тыя, хто казаў, што Літва ніколі ня будзе ў Эўразьвязе і ў NATO. Але гэта ня так», — дадаў Рэмігіюс Жамайтайціс.