Прасейваючы пласты гліністага колеру глебы, археолягі ў Еўі, што месьціцца на захад ад Вільні, знаходзяць косткі салдатаў Чырвонай арміі на адным з шматлікіх мэмарыялаў, узьведзеных Масквой пасьля Другой усясьветнай вайны.
Літва дэмантавала большасьць савецкіх помнікаў неўзабаве пасьля аднаўленьня незалежнасьці ў 1990 годзе, але толькі пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе Вільня, блізкі хаўрусьнік Кіева, пастанавіла перанесьці пахаваньні, якія многія лічылі апошнімі бачнымі сымбалямі панаваньня тут СССР.
«Гэты мэмарыял служыў прапагандысцкім мэтам», — сказаў агенцтву AFP археоляг Тадас Шыманаўскас, калі яго каманда праводзіла раскопкі ў Еўі.
«Мэмарыял стаяў тут, каб нагадваць нам, што нас нібыта „вызвалілі“ саветы, — сказаў агенцтву AFP мясцовы пэнсіянэр Пятрас Марцішус, які праходзіў міма месца раскопак. — Іх [парэшткі] трэба было перанесьці раней».
Цяпер Літва, якая ўваходзіць у ЭЗ і NATO і мяжуе з Расеяй і яе хаўрусьніцай Беларусьсю, баіцца, што ёй пагражае наступнае ўварваньне.
Неўзабаве пасьля пачатку вайны літоўскі парлямэнт прыняў закон аб «дэсаветызацыі», які адкрыў шлях для зносу апошніх савецкіх помнікаў і пераносу пахаваньняў.
Перамяшчэньне парэшткаў, якія перапахаваюць на бліжэйшых праваслаўных могілках, дазволена міжнародным правам, заявіла Міністэрства замежных справаў Літвы для AFP.
«Гэта быў проста савецкі сымбаль, які пазначаў іхную тэрыторыю і тое, што яны кантралююць нас, — сказаў AFP Вайдас Андрэяўскас з самакіраваньня Электрэнай. — Мы адновім невялікі помнік салдатам на могілках — мы не зьнішчаем сьляды іх існаваньня».
Форум