Як піша Позірк, папярэдні раз больш было 25 траўня — 38 спробаў, у наступны пэрыяд — ад 0 да 20. Актыўнасьці мігрантаў САДМ не адзначала 32 дні з 55 (26, 28, 29, 31 траўня, з 1 да 12 чэрвеня, 15, 18, 21, 24, 26, 29, 30 чэрвеня, 1, 2, 5, 7, з 9 па 13 ліпеня). 20 спробаў было 25 чэрвеня і 18 ліпеня.
З пачатку ліпеня Літва зарэгістравала 88 спробаў незаконнага пранікненьня на сваю тэрыторыю зь Беларусі — у 2,9 раза больш, чым за 19 дзён чэрвеня (30), і на 46,7% больш, чым за ўвесь ліпень мінулага году (60).
Агулам за мінулы пэрыяд 2026 году актыўнасьць мігрантаў з трэціх краін, якія спрабуюць трапіць у ЭЗ праз беларуска-літоўскую мяжу, статыстычна ў параўнаньні з тым жа пэрыядам летась вырасла нязначна: 960 спробаў супраць 941 (+2%).
Тым часам Дзяржаўная памежная ахова Латвіі фіксуе незаконныя спробы перасекчы мяжу з боку Беларусі штодня з 25 сакавіка. За гэты час (117 дзён) іх сумарная колькасьць дасягнула 8165, з пачатку году — 8306. Мінімальная актыўнасьць — 2 спробы — адзначаная 19 ліпеня. Да гэтага найніжэйшы быў паказьнік за 10 траўня — 6 спробаў.
Памежная ахова Польшчы паведамляе, што на мяжы зь Беларусьсю спакойна шэсьць дзён запар, аднак з пачатку месяца спробаў пераходу мяжы зарэгістравана ў 3,6 раза больш, чым за ўвесь чэрвень (51 супраць 14). Месячны рэкорд гэтага году быў у сакавіку — 93 спробы. На другім месцы люты — 52 спробы.
На долю Польшчы ў 2026 годзе прыпадае найменшы адсотак спробаў нелегальнага пранікненьня зь Беларусі — 2,9 (280 з 9546).
Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ працягваецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаваў уважаюць яго за «гібрыдную атаку», арганізаваную рэжымамі ў Менску і Маскве.
Аляксандар Лукашэнка ня раз заяўляў, што беларускія памежнікі ня будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія ідуць у Эўразьвяз празь Беларусь, таму што іх туды нібыта паклікалі.
Улады Латвіі заявілі пра рост незаконнай міграцыі зь Беларусі
Раней кіраўнік Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі назваў галоўную цэль гібрыднай вайны з боку Беларусі.
Латвія ёсьць цэльлю № 1 у разьвязанай уладамі Беларусі гібрыднай вайне, а сытуацыя на мяжы стварае сур’ёзныя выклікі, заявіў кіраўнік латвійскай Дзяржаўнай памежнай аховы Гунтыс Пуятс.
Паводле кіраўніка Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі, перавозьнікі мігрантаў сталі больш агрэсіўнымі, таму памежнікам даводзіцца выкарыстоўваць больш жорсткія мэтады затрыманьня, ім патрэбная шырэйшая падтрымка Нацыянальных узброеных сілаў.
Сёлета памежная ахова Латвіі спыніла спробы каля 7600 чалавек незаконна перасекчы беларуска-латвійскую мяжу. Гэта значна больш, чым за аналягічны леташні пэрыяд.
Гунтыс Пуятс заявіў, што моцны ціск на мяжу мае некалькі прычынаў. Сярод іх ён назваў падтрымку Латвіяй Украіны і асуджэньне расейскай агрэсіі, уплыў расейскай прапаганды, а таксама дадатковыя рызыкі ў сувязі з будучымі выбарамі ў Саэйму.
Чаму гэта важна
Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краінаў Эўразьвязу пачаўся ў 2021 годзе, калі тысячы мігрантаў з азіяцкіх і афрыканскіх краін пачалі арганізавана незаконна перасякаць межы Беларусі з Латвіяй, Літвой і Польшчай.
Эўразьвяз абвінаваціў у крызісе Аляксандра Лукашэнку і назваў ягоныя дзеяньні гібрыднай агрэсіяй.
Мігранцкі крызіс на межах Беларусі працягваецца дагэтуль з рознай інтэнсіўнасьцю. Дзясяткі мігрантаў загінулі.
Мігранцкі крызіс 2021-2025. Асноўнае
- У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
- Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
- Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
- У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
- Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
- Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
- Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
- 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
- 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
- На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
- 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
- У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
- 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
- 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
- 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
- Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
- 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
- Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
- 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
- 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
- На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
- На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
- За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.
- Шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк, паранены нажом 28 траўня 2024 году на мяжы зь Беларусьсю, памёр 6 чэрвеня ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку. Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар нажом, прывязаным да палкі, у грудзі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.