Беларусь і Кітай пачалі пастаўкі гаруча-змазачных матэрыялаў (ГЗМ) у Кыргызстан, паведаміў на прэс-канфэрэнцыі міністар энэргетыкі краіны Алтынбек Рысбекаў.
«Першыя партыі ГЗМ зь Беларусі ўжо паступілі ў Кыргызстан, яшчэ некалькі чыгуначных вагонаў знаходзяцца ў дарозе», — цытуе яго агенцтва «Інтэрфакс».
Паводле яго слоў, пытаньне правозу праз Расею цалкам ўрэгулявалі, а пастаўкі зь Беларусі ідуць паводле падпісанага пагадненьня.
Кітай таксама адправіў першую партыю паліва. Яе дастаўляюць у Кыргызстан аўтатранспартам. Каб паскорыць увоз, Кабінэт міністраў даручыў дзяржаўным органам забясьпечыць для такіх грузаў «зялёны калідор».
Раней урад Кыргызстану вёў перамовы аб пастаўках ГЗМ з альтэрнатыўных крыніц. Разглядаліся пастаўкі з Расеі, Казахстану, Беларусі, Азэрбайджану, Узбэкістану і Туркмэністану. Урад увёў поўную забарону на вываз паліва з краіны і спрасьціў яго ўвоз.
Што папярэднічала
У пачатку ліпеня намесьнік прэм’ер-міністра Кыргызстану Даніяр Амангельдыеў заявіў, што дзяржава падпісала кантракты зь Беларусьсю на тры пастаўкі авіяцыйнага і дызэльнага паліва, а таксама дасягнула такіх жа дамоваў з Кітаем.
Кыргызстан, які імпартуе больш за 90% свайго паліва з Расеі, тады ж зьвярнуўся да Казахстану, Беларусі, Азэрбайджану, Узбэкістану і Туркмэністану з просьбай аб дапамозе ў забесьпячэньні стабільных паставак паліва.
Чаму гэта важна
Украіна за апошнія два гады ўзмацніла атакі на расейскую энэргетычную інфраструктуру. Яна б’е па ёй дронамі далёкага радыюсу дзеяньня, пазбаўляючы расейцаў бэнзіну, што ўжо моцна адбілася на забесьпячэньні палівам расейскіх акупацыйных войскаў ва Ўкраіне, а ў анэксаваным Крыме наагул прывяло да спыненьня продажу паліва людзям.
Расея працягвае абстрэльваць ракетамі энэргетычныя і абаронныя цэлі ва ўкраінскіх гарадах і вакол іх. Акрамя таго, расейцы актыўна атакуюць цывільную інфраструктуру і б’юць па жылых дамах, а нядаўна нанесьлі буйны ўдар па праваслаўнай Кіева-Пячорскай лаўры.
Украінскія ўдары вывелі з ладу значную частку расейскіх нафтаперапрацоўчых магутнасьцяў, што прывяло да дэфіцыту нафтапрадуктаў, росту цэнаў на паліва і доўгіх чэргаў на запраўках у многіх рэгіёнах Расеі і анэксаваным расейцамі Крыме.
Форум