Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Польшчы наклаў «вэта» на закон, які мог дапамагчы ЛГБТК-асобам

Караль Наўроцкі
Караль Наўроцкі

Пытаньне некалькі гадоў у шырокай дыскусіі польскіх палітыкаў. Наступствы гэтага вэта датычацца і некаторых беларусаў, якія жывуць у Польшчы.

Прэзыдэнт Польшчы Караль Наўроцкі наклаў вэта на закон пра статус «найбліжэйшай асобы», паведамляе TVN24.

Закон аб статусе найбліжэйшай асобы ў адносінах і ўмове пра супольнае пражываньне прадугледжваў, што два дарослыя могуць заключыць пагадненьне перад натарыюсам, зарэгістраванае ў ЗАГСе, якое рэгулюе такія пытаньні, як супольная маёмасьць, абавязкі па ўтрыманьні, жыльлёвыя правы, доступ да мэдыцынскай інфармацыі і парадак пахаваньня.

Да пагадненьня таксама хацелі далучыць дадатак, які зьмяшчае запаветы абедзьвюх асобаў. Прапанова ўраду, якая дазваляе афармляць цывільныя сужэнствы, у тым ліку аднаполыя партнэрствы, стала першай у гісторыі Польшчы, якая пасьпяхова прайшла абедзьве палаты парлямэнту.

Праект закону прапанавалі на галасаваньне Польская народная партыя (PSL) і «Лявіца».

Наўроцкі, аднак, убачыў у законе «ідэалягічны ціск».

«У час перадвыбарчай кампаніі я казаў, што гатовы абмеркаваць заканадаўства, якое рэгулюе статус блізкага чалавека. Аднак я заўсёды падкрэсьліваў, што ўсё, што ёсьць квазішлюбам, ня можа разлічваць на маю падтрымку. Тое ж самае тычыцца ўсынаўленьня і ўдачарэньня дзяцей аднаполымі парамі», — сказаў Караль Наўроцкі, тлумачачы сваё вэта на законапраект.

Пры гэтым польскія СМІ адзначаюць, што ў законапраекце такога палажэньня не было.

Думкі наконт прэзыэнцкага вэта процілеглыя — асобныя дэпутаты пераважна правага кірунку ўхваляюць рашэньне Наўроцкага, бо таксама бачылі ў законе схаваны дазвол на шлюбы для «нетрадыцыйных» параў, у той жа час іхныя апанэнты заяўляюць, што пра гэта ў законе не было ані слова, а Наўроцкі сваім вэтам паказаў, што ён ня быў і ня будзе «прэзыдэнтам усіх палякаў».

Чым гэта важна для беларусаў?

Паводле статыстыкі 2025 году, у Польшчы жылі 146 тысяч беларусаў з дазволам на пражываньне. Сярод іх ёсьць і ЛГБТК+ асобы, якія ладзяць беларускую калёнію на мясцовым «маршы роўнасьці» ў Варшаве. Праблемы такіх параў падобныя на праблемы польскіх — недастатковае мэдычнае забесьпячэньне, непрызнаньне правоў, складанасьць з атрыманьнем маёмасьці і забарона на аднаполыя шлюбы.

Часта праўныя цяжкасьці аднаполых параў моцна ўплываюць на легалізацыю за мяжою. Падобную праблему мела, напрыклад, беларуска-расейская пара геяў у Баўгарыі Андрэй Саром і Аляксей Бачынскі. Суд Эўразьвязу абавязвае прызнаваць аднаполыя сужэнствы, якія афармляюць у іншых краінах, калі гэта неабходна прынамсі для мэтаў міжнароднай абароны, нават калі нацыянальнае права не дапускае аднаполых шлюбаў. Беларус і расеец расьпісаліся ў данскім Капэнгагене, але баўгарскія ўлады шлюбу не прызналі, праз што пара зьвярнулася ў суд. Беларусу перад тым адмовілі ў статусе ўцекача.

У 2024 годзе Польшча была на 42-м месцы сярод 49 краінаў Эўропы ў пытаньні прававога становішча прадстаўнікоў ЛГБТК-супольнасьці. Рэйтынг складае арганізацыя эўрапейскіх ЛГБТК+ ILGA-Europe. Гэта значыць, што стан справаў у Польшчы ацэньваецца як адзін з найменей спрыяльных для гэтай супольнасьці на кантынэнце.

Зрэшты, Беларусь у тым самым рэйтынгу займала яшчэ горшае месца — 45-е, найгоршае для сябе ў гісторыі. Імаверна, пазыцыі краіны ў гэтым і падобных пераліках шматкроць пагоршацца, бо ў 2026-м у Беларусі ўступіў у сілу закон пра забарону так званай «прапаганды ЛГБТ». Яго ў красавіку падпісаў Аляксандар Лукашэнка.

У 2025 годзе беларускія праваабаронцы прааналізавалі законапраект аб «прапагандзе гомасэксуальнасьці, бязьдзетнасьці і зьмены полу» і адзначылі, што ён супярэчыць Канстытуцыі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG