Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыплямат ЗША, які вёў перамовы з Лукашэнкам аб палітвязьнях, пакідае пасаду

Крыстафэр Сьміт
Крыстафэр Сьміт

Як стала вядома Свабодзе з дыпляматычных крыніц, Крыстафэр Сьміт, намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША для Ўсходняй Эўропы, неўзабаве пакіне пасаду.

Час сыходу Крыстафэра Сьміта з пасады адпавядае пэрыяду стандартных ратацыяў кадраў у Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША.

Гэтую інфармацыю таксама пацьвердзілі крыніцы выданьня «Люстэрка».

Крыстафэр Сьміт дыплямат адказвае ў Дзяржаўным дэпартамэнце за беларускі кірунак. Ён некалькі разоў прылятаў у Менск для перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам і ўдзельнічаў у вызваленьні палітычных зьняволеных.

Паводле інфармацыі адной з крыніцаў «Люстэрка», дыплямат працягне сваю прафэсійную кар'еру ў Малдове, але, імаверна, не ў структурах Дзяржаўнага дэпартамэнту.

Свабода накіравала ліст Крыстафэру Сьміту з просьбай аб пацьверджаньні гэтай інфармацыі, але на момант публікацыі гэтага матэрыялу адказу не атрымала.

Чаму гэта важна

З актывізацыяй дыялёгу паміж Вашынгтонам і Менскам у 2025 годзе Крыстафэр Сьміт стаў адным з галоўных перамоўнікаў паміж урадам Злучаных Штатаў і рэжымам Лукашэнкі. У лютым 2025-га ён удзельнічаў у апэрацыі вывазу зь Беларусі двух палітвязьняў і аднаго грамадзяніна ЗША. Дыплямат быў у складзе групы, якая прылятала ў Менск і сустракалася з Лукашэнкам і кіраўніком КДБ Іванам Тэртэлем. Камэнтуючы гэтае вызваленьне, Сьміт заяўляў, што гэта «быў аднабаковы жэст з боку ўладаў Лукашэнкі» і той «нічога не атрымаў за гэты абмен».

Сам Лукашэнка таксама публічна ўзгадваў амэрыканскага дыплямата. У сакавіку 2026 году, кажучы аб перамовах з ЗША, ён адзначыў, што «галоўную ролю адыгрываў і цяпер, напэўна, адыгрывае Сьміт».

У Офісе Святланы Ціханоўскай называлі Крыстафэра Сьміта «самым пасьлядоўным партнэрам у ЗША». З словаў дарадцы Ціханоўскай Дзяніса Кучынскага, у 2024—2025 гадах яны мелі восем асабістых сустрэчаў з амэрыканскім дыпляматам у Вільні і Вашынгтоне.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG