Дырэкцыя музэйнага комплексу ў Грунвальдзе 15 ліпеня адказала на зварот Сьвятланы Ціханоўскай з просьбай дазволіць усталяваць на Грунвальдзкім полі бел-чырвона-белы сьцяг. Аб гэтым расказаў Свабодзе выканаўца абавязкаў старшыні Партыі БНФ Юры Меляшкевіч, які раней ініцыяваў адпаведную пэтыцыю. Ціханоўская накіравала лісты кіраўніцтву музэю Грунвальдзкай бітвы і маршалку Вармінска-Мазурскага ваяводзтва напярэдадні, 14 ліпеня.
«Яны вельмі камплімэнтарна адказваюць, удзячныя за праяўлены клопат. Але паведамляюць, што комплекс знаходзіцца ў сьпісе гістарычных помнікаў Рэспублікі Польшча, яго ахоўвае польскае заканадаўства. Рашэньне было прынята ў 2010 годзе прэзыдэнтам Камароўскім, пры падпісаньні таксама прысутнічаў прэм’ер-міністар Дональд Туск. Гэта накладае абмежаваньні па распараджэньні гэтай тэрыторыяй адміністрацыяй (музэю. — РС). Яны самачынна ня могуць усталяваць», — пераказаў адказ музэю Меляшкевіч.
За любыя зьмены прыроднага ляндшафту адказвае спэцыяліст, які займаецца аховай ўсіх помнікаў у ваяводзтве. Музэй паведаміў, што ёсьць пэўныя працэдуры, каб ўзгодніць усталяваньне сьцягоў. З 1960 году на ўзгорку стаяць тры флягштокі пад сьцягі, і зьмяніць гэтую колькасьць пакуль што нельга. Разам з тым у музэі паінфармавалі, што польскае войска падчас урачыстасьцяў на Грунвальдзкім полі ўсталёўвае часовыя мабільныя флягштокі, якія не патрабуюць узгадненьня, дадае Юры Меляшкевіч.
Зь ягоных словаў, цяпер беларускія актывісты будуць весьці перамовы, каб усталяваць часовыя канструкцыі зь бел-чырвона-белым сьцягам, а пазьней выконваць неабходныя працэдуры, каб паставіць пастаянны беларускі сьцяг.
«Сардэчна дзякуем за памяць і словы павагі, складзеныя з нагоды гадавіны перамогі ў бітве пад Грунвальдам, якая і па сёньняшні дзень застаецца гістарычнай спадчынай і сымбалем барацьбы за свабоду народаў, якія насялялі былыя землі Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага», — гаворыцца ў адказе музэю (поўны тэкст ёсьць у рэдакцыі Свабоды).
Урачыстасьці да гадавіны Грунвальдзкай бітвы пачаліся пад Грунвальдам 15 ліпеня і працягнуцца да канца гэтага тыдня. Асноўным сьвяточным днём стане субота, 18 ліпеня, калі правядуць рэканструкцыю бітвы.
Пэтыцыя за бел-чырвона-белы сьцяг на Грунвальдзкім полі на 15 ліпеня сабрала 977 подпісаў. Ініцыятары хацелі сабраць сымбалічныя 12 тысяч подпісаў — па колькасьці ваяроў зь беларускіх тэрыторыяў, якія ўдзельнічалі ў бітве.
Форум