Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Літвы і МЗС Польшчы заявілі пра магчымыя правакацыі з боку Расеі

Гітанас Наўседа
Гітанас Наўседа

Расейскія правакацыі, у тым ліку з выкарыстаньнем тэрыторыі Беларусі, застаюцца на парадку для ў суседніх краінах Эўразьвязу. Афіцыйная Вільня праводзіць пэўную падрыхтоўку да магчымых дывэрсій.

Гітанас Наўседа заявіў пра падрыхтоўку Літвы да магчымых правакацый з боку Расеі, перадае літоўская агенцыя навінаў Delfi.

«Сёньня, безумоўна, у нас ёсьць інфармацыя аб тым, што Расея плянуе пэўныя выбарачныя кінэтычныя апэрацыі супраць суседніх дзяржаў, не называючы канкрэтна толькі Літву, Польшчу або Эстонію. Аднак у цяперашні час Расея ня здольная весьці шырокамаштабныя ваенныя апэрацыі на два фронты — гэта больш чым відавочна. Ёй не хапае рэсурсаў нават на адным фронце, ва Ўкраіне», — сказаў Гітанас Наўседа «Навінам» TV3.

Пры гэтым ён пасьпяшаўся запэўніць літоўскае грамадзтва ў тым, што дзяржава да расейскіх дывэрсій і правакацый рыхтуецца, нават беручы пад увагу вялікія праблемы Масквы на ўкраінскім фронце, а таксама ўнутры краіны.

«Тым ня менш, правакацыі магчымыя, і мы да іх рыхтуемся. Валодаючы інфармацыяй, атрыманай ад розных службаў, я склікаў усе ўстановы, якія адказваюць за бясьпеку. Раз мы атрымліваем сыгналы аб пагрозах менавіта крытычнай інфраструктуры, мы ўзмацнілі ахову найважнейшых аб’ектаў энэргетыкі і транспарту. Для гэтай мэты будуць задзейнічаныя і ўзброеныя людзі», — патлумачыў Наўседа.

Паводле прэзыдэнта Літвы, калі Расея нападзе на якую-хаця дзяржаву NATO, яна сутыкнецца з жорсткім адказам Альянсу.

«Што азначала б інтэрвенцыя Расеі супраць той ці іншай краіны NATO? Калі гэта адбудзецца — спадзяюся, гэтага ніколі ня здарыцца, — гэта ўжо будзе ня проста факт нападу Расеі на адну дзяржаву NATO, а напад Расеі на ўвесь NATO з усімі наступствамі, зь вельмі сур’ёзным і самавітым адказам Альянсу», — заявіў прэзыдэнт Літвы.

«Ён у адчаі і прайграе» — Польшча пра магчымую правакацыю Расеі

Пра падазрэньні ў падрыхтоўцы Расеяй правакацыі з выкарыстаньнем украінскіх бесьпілётнікаў выказаўся і міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, які ўзяў удзел у дэбатах ў прэзыдэнцкай бібліятэцы і музэі Рональда Рэйгана ў Лос-Анджэлесе (ЗША). Пра гэта паведаміла выданьне Polsat News.

«Мы падазраем, што Расея плянуе выкарыстаць украінскія бесьпілётнікі для нападу на дзяржаву-сяброўку NATO або на сябе, каб апраўдаць напад… Менавіта гэта (Пуцін) можа плянаваць», — сказаў Сікорскі.

Паводле яго слоў, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін можа наважыцца на такую правакацыю, таму што «ён у адчаі і прайграе».

«Такія рэжымы заўсёды так робяць. Згадаю правакацыю ў Глівіцах у 1939 годзе, калі агенты Абвэра, пераапранутыя ў польскіх жаўнераў, захапілі радыёстанцыі на тэрыторыі тагачаснага Райху. Наша пасланьне Ўладзіміру Пуціну: мы ведаем, што вы плянуеце, не рабіце гэтага», — сказаў польскі міністар.

У пачатку ліпеня прэмʼер-міністар Польшчы Дональд Туск заявіў, што «найбліжэйшыя месяцы могуць быць крытычнымі» у кантэксьце магчымых расейскіх правакацый супраць Польшчы або краінаў Балтыі.

Днямі Радаслаў Сікорскі заявіў, што «Расея ў цяперашні час ня мае дастатковага ваеннага патэнцыялу для нападу на Польшчу», і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін «урэшце зазнае паразы» ў вайне супраць Украіны.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG