З нагоды свайго 80-гадовага юбілею Ўладзімер Някляеў у гэты дзень праводзіць літаратурную вечарыну ў Нацыянальнай бібліятэцы Польшчы (Ossolineum) ва Ўроцлаве.
Свабода паглядзела, як яго павіншавалі зь днём нараджэньня.
Сьвятлана Ціханоўская: чалавек, безь якога не ўяўляеш беларускай культуры
Сьвятлана Ціханоўская мяркуе, што без Ўладзімер Някляева немагчыма ўявіць беларускую культуру.
«Паэт, пісьменьнік і чалавек рэдкай унутранай годнасьці дзесяцігодзьдзямі гаворыць зь беларусамі пра дом, свабоду, любоў і адказнасьць за сваю краіну. Гаворыць так, што ў яго радках кожны пазнае сябе, быццам ён ведае пра нас больш, чым мы самі. Дарагі Уладзімір Пракопавіч, ад усяго сэрца віншую Вас! Няхай будзе здароўе, побач будуць блізкія, а радкі самі просяцца на паперу. Дзякуй за Ваш талент, за сьмеласьць і за тую любоў да Беларусі, якой Вы шчодра дзеліцеся з усімі намі», — адзначыла Сьвятлана Ціханоўская.
Павал Латушка: чалавек-эпоха, чыё слова заўсёды мае асаблівую вагу
Намесьнік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту Павал Латушка заявіў, што жыцьцёвая мудрасьць Уладзімера Някляева і ягоная адданасьць Радзіме — сапраўдны арыенцір для ўсіх нас.
«Вы даказалі, што слова паэта здольнае быць магутнай сілай у змаганьні за праўду і свабоду. Для мяне вялікі гонар ведаць Вас асабіста і быць сярод тых, каго натхняе Ваш талент. Ад усяго сэрца жадаю Вам доўгіх гадоў у добрым здароўі, нязгаснага натхненьня і няспыннага творчага імпэту. Няхай сіла духу застаецца непахіснай, а кожны дзень набліжае нас да роднай зямлі. Веру, што мы яшчэ абавязкова адсьвяткуем Ваш наступны юбілей у нашай любімай вольнай Беларусі!», — адзначыў Павал Латушка.
Аляксандар Фядута расказаў, як прапанаваў Някляеву ісьці ў палітыку
Былы палітвязень, публіцыст, літаратуразнаўца Аляксандар Фядута ў сваім віншаваньні згадаў, як прапанаваў яму пайсьці ў палітыку.
Паводле яго, Уладзімер Някляеў вырашыў параіцца з Генадзем Бураўкіным, а той запрасіў Фядуту на размову:
«Ніколі я ня бачыў Генадзя Мікалаевіча такім узрушаным.
— Ты разумееш, хто такі Някляеў?!
— Так...
Подых Бураўкіна быў цяжкі, ён сапраўды хваляваўся.
— Ты адказваеш за Валодзю не перада мной. Перад беларускай літаратурай і перад беларускім народам! Разумееш ступень адказнасьці?
— Так.
— Вось. Ідзі зараз да яго.
І — ужо ў сьпіну, калі я пачаў сыходзіць па лесьвіцы:
— Беражы яго! Ён геній!
І ціха — але я пачуў:
— Мажліва, апошні... геній.
Уладзімер Пракопавіч, з чарговым — не апошнім!!! — юбілеем Вас!», — напісаў Аляксандар Фядута.
Стэфан Эрыксан: Някляеў вызначыў мае стаўленьне й любоў да Беларусі
Колішні амбасадар Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан назваў Уладзімера Някляева «вельмі дарагім чалавекам», які вызначыў яго блізкае стаўленьне й любоў да Беларусі і беларушчыны.
«Мне пашэнціла прысутнічаць на першым сьвяткаваньні Ўладзімера Някляева сярод яго сяброў 9 ліпеня пад Уроцлавам, дзе юбіляр зладзіў творчы вечар і банкет. Але больш усё-такі пашэнціла беларусам, што ў іх ёсьць такі выбітны паэт і сумленны чалавек, які жыве Беларусьсю, які ніколі не выбіраў лёгкіх шляхоў (калі такія існуюць для беларуса), які, як казаў яго сябра, стаў прарокам сваёй краіны. Мне здаецца, што Беларусі і сусьвету яшчэ давядзецца асэнсаваць яго значэньне ў беларускай і эўрапейскай культуры», — напісаў Стэфан Эрыксан.
Паводле яго, вершы і тэксты Ўладзімера Някляева сваёй музычнасьцю, шчырасьцю, гумарам, глыбінёй і эмацыйнасьцю кранае нават рацыянальнага і скептычнага швэда.
«Дзякуй Польшчы за тое, што яго прытуліла і прыняла да сэрца, але гэтае сьвяткаваньне, канешне, павінна было б адбыцца ў Беларусі, дзе зараз некаторыя прахадзімцы не разумеюць свайго прарока. Няхай наступны юбілей будзе ўжо на радзіме, каб там па заслугам змаглі ацаніць свайго вялікага чалавека! Дагэтуль, спадар Уладзімер, зычу вам здароўя, натхненьня да новых твораў й любві беларусаў», — адзначыў дыплямат.
Андрэй Курэйчык: голас свабоды павінен гучаць голасам Уладзімера Някляева
Беларускі драматург, сцэнарыст і рэжысэр Андрэй Курэйчык расказаў, што для тызэру фільму як «Liberté» («Свабода»), які пачалі ствараць у 2020 годзе, выбралі верш Уладзімера Някляева.
«Мне здавалася — і здаецца дагэтуль, — што голас свабоды павінен гучаць менавіта ягоным голасам. Уладзімер напісаў для нашага фільму верш, які, на мой погляд, застаецца адным з самых глыбокіх і найскладанейшых твораў пра сам фэномэн свабоды. Паслухайце яго. Гэта сапраўды неверагодны тэкст. А самому Ўладзімеру Някляеву — вялікаму паэту, народнаму паэту Беларусі, — хочацца пажадаць моцы, здароўя, доўгіх гадоў і той самай свабоды. Свабоды ў душы, свабоды ў жыцьці, свабоды ў творчасьці. І, вядома, свабоды яго народу — беларусам», — адзначыў беларускі драматург.
Лана Перлулайнен: зычу, каб эміграцыя засталася ў мінулым
Украінская пісьменьніца і перакладачка Лана Перлулайнен апублікавала некалькі сваіх перакладаў вершаў Уладзімера Някляева на ўкраінскую мову.
«Віншую геніяльнага беларускага паэта Ўладзімера Някляева зь юбілеям. Шмат гадоў! Зычу, каб Беларусь нарэшце да вас дарасла і эміграцыя засталася ў мінулым», — напісала яна на сваёй старонцы ў Facebook.
Уладзімера Някляева віншавалі беларускія актывісты, паэты, пісьменьнікі, прадстаўнікі замежнай беларускай дыяспары.
Форум