У Гомлі на вуліцах Лепяшынскага і Палескай у выніку моцнага дажджу падтапіла 3 двары і тры жылых будынкі.
Як паведамілі ў Міністэрстве ў надзвычайных сытуацыях Беларусі, на яшчэ адной вуліцы — Прыгараднай — забуксавала машына хуткай дапамогі.
Ратаўнікі дапамаглі выбрацца «хуткай» і адпампавалі ваду ў месцах падтапленьня.
У Менску традыцыйна для залеў пад вадой апынуліся вуліцы Ігара Лучанка, Леніна, перакрыжаваньні Маскоўскай і Талстога, а таксама Аэрадромная і Чкалава.
Як паведамілі ў ДАІ Менску, рух на гэтых участках ускладнены.
Грамадзянам раяць выбіраць бясьпечную хуткасьць, не рабіць няўзважаных манэўраў, адмовіцца ад рэзкіх разгонаў і тармажэньня. Пры пагаршэньні бачнасьці ўключаць бліжняе сьвятло.
Кіроўцам таксама раяць не імкнуцца праехаць праз падтоплены ўчастак, бо гэта можа выклікаць гідраўдар і паўплываць на працу рухавіка.
У выпадку інтэнсіных ападкаў рэкамэндуюць спыніцца за межамі праязной часткі, уключыць аварыйную сыгналізацыю, а рух ажнавіць толькі пасьля паляпшэньня ўмоў надвор’я.
Пешаходам раяць перасоўвацца з асаблівай асьцяроэнасьцю, асабліва паблізу праязной часткі.
Моцныя дажджы прынёс цыклён «Бэрнадэт»
Белгідрамэт паведаміў аб моцных дажджах 11 ліпеня, якія прынёс цыклён «Бэрнадэт», што рухаецца з Балтыйскага мора.
У Беларусі папярэдзілі аб магчымасьці абрыву ліній сувязі і электраперадач, адключэньня электрападстанцый і электраэнэргіі ў населеных пунктах, зьніжэньня бачнасьці на дарогах і ўскладненьня дарожнага руху, а таксама імавернасьці дарожна-транспартных здарэньняў, падтапленьня асобных будынкаў і гаспадарчых забудоў, сельгасугодзьдзяў і аўтадарог мясцовага значэньня.
Перад гэтым у Беларусі, як і ў большасьці эўрапейскіх краін, фіксавалі рэкордную сьпёку.
Форум