Беларуская мэмарыяльная капліца ў Вудсайд-парку, Паўночны Лёндан, афіцыйна прызнаная адным з найзначнейшых архітэктурных дасягненьняў Вялікай Брытаніі. Царкву ўключылі ў кнігу «100 будынкаў XXI стагодзьдзя».
Надрукаванае ў выдавецтве Batsford Books і напісанае Twentieth Century Society («Таварыстам ХХ стагодзьдзя»), знакавае выданьне адзначае чвэрць стагозьдзя найлепшай сучаснай архітэктуры па ўсёй Брытаніі. Twentieth Century Society — адно з афіцыйна прызнаных Нацыянальных таварыстваў упарадкаваньня Вялікай Брытаніі, якое з 1914 году выступае заканадаўчым кансультантам у пытаньнях перабудовы будынкаў, што знаходзяцца пад аховай дзяржавы.
Беларуская мэмарыяльная капліца месьціцца ў кнізе побач з іншымі знакамітымі будынкамі Лёндану, у тым ліку сусьветна вядомымі славутасьцямі, такімі як Вялікі двор Брытанскага музэю, стадыён «Уэмблі», будынкамі Шатляндзкага і Валійскага парлямэнтаў і іншымі знакавымі творамі сучаснае архітэктуры.
Асьвечаная ў сьнежні 2016 году і завершаная ў 2017 годзе, царкву заказаў Сьвяты Пасад для беларускага дыяспарнага грамадзтва Вялікай Брытаніі ў гонар 30-й гадавіны Чарнобыльскай ядзернай катастрофы 1986 году.
Разьмешчаная ў ахоўных садах Марыян-Хаўсу, яна мае гістарычную адметнасьць як першая драўляная царква, пабудаваная ў Лёндане пасьля Вялікага пажару 1666 году.
Унікальны дызайн царквы стаў вынікам шырокіх палявых дасьледаваньняў, праведзеных у сельскай мясцовасьці Беларусі і Літвы, якія адлюстроўваюць сутнасьць спадчыны, моцна пацярпелай ад Чарнобыльскай катастрофы — падзеі, якая прывяла да траўматычнага занядбаньня і страты незьлічоных драўляных паселішчаў.
Канструкцыя плаўна злучае стагоддзі. Яна дэманструе традыцыйныя складнікі драўлянай беларускай архітэктуры: скатная страха з кедравай гонтай, фасад з драўляных дошак і традыцыйны шпіль з цыбулепадобным купалам. Капліца мае хвалістыя вертыкальныя драўляныя бакавыя сьцены. Уначы схаваныя вокны дазваляюць мяккаму сьвятлу пранікаць унутр, ствараючы мяккае зьзяньне, прызначанае для ўшанаваньня памяці грамадзян, якія апынуліся ў пастцы ў драўляных цэрквах, спаленых у час зьверстваў ІІ усясьветнай вайны.
Уключэньне беларускай драўлянай грэка-каталіцкай царквы ў сьпіс 100 найлепшых будынкаў Брытаніі яшчэ больш умацоўвае яе статус сусьветна прызнанага культурнага сымбалю Беларусі і падкрэсьлівае ўнёсак дойліда Цзыўая Со ў архітэктурную спадчыну Брытаніі.
Кнігу ўжо можна набыць у выдавецтве Batsford Books.
Падборку найлепшых будынкаў для выданьня рыхтавалі найбольш знаныя экспэрты краіны ў сучаснай архітэктуры, у тым ліку Г’ю Пірман, кавалер Ордэну Брытанскай імпэрыі, швайцарскі мастацтвазнаўца Ганс Ульрых Обрыст і рэдактар часопісу архітэктуры і дызайну Dezeen Том Рэйвэнскроф.
Чаму гэта важна?
Царква сьвятога Кірылы Тураўскага і ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу — першая беларуская грэка-каталіцкая царква, пабудаваная па-за межамі Беларусі. Цяперашняе прызнаньне царквы як аднаго з найцікавейшых у архітэктурным пляне будынкаў можа прывабіць новых вернікаў, што асабліва важна на тле патрэбы яднаньня беларусаў за мяжою.
Таксама гэта важнае прызнаньне ў час крызісу, які перажывае грэка-каталіцкая царква ў Беларусі. За апошнія гады ў выніку пачатай рэжымам Лукашэнкі перарэгістрацыяй парафіяў былі зьліквідаваныя паўтара дзясятка прыходаў.
Царква месьціцца ў раёне Фінчлі побач са Скарынаўскай бібліятэкай, заснаванай, дарэчы, грэка-каталіцкім сьвятаром, апостальскім візытатарам для беларусаў-каталікоў у замежжы айцом Аляксандрам Надсанам. Гэта сэрца беларускай супольнасьці ў Лёндане і агулам у Брытаніі. Між іншым, пасьля будаўніцтва ў царкве пахавалі прах, а 13 траўня 2017 над месцам пахаваньня асьвяцілі мэмарыяльную бажніцу сьвятога Юрыя Пераможцы ў гонар паэткі і перакладніцы Веры Рыч.
Беларускую царкву ў Лёндане яшчэ ў 2017 годзе прызналі адным з найбольш энэргаэфэктыўных будынкаў сталіцы.
Форум