Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманы ў Харкаве беларус-добраахвотнік не прызнае сваёй віны, яго будуць трымаць пад вартай да 10 жніўня

Аляксандар Красоўскі. Архіўнае фота
Аляксандар Красоўскі. Архіўнае фота

Беларускі добраахвотнік Аляксандар Красоўскі, затрыманы ў Харкаве 14 сакавіка паводле падазрэньня ў зьдзяйсьненьні двух крымінальных злачынстваў, будзе знаходзіцца пад вартай сама меней да 10 жніўня.

Як стала вядома Свабодзе з інфармаваных крыніц, суд таксама яшчэ раз прадоўжыў тэрміны дасудовага расьсьледаваньня справы. Цяпер сьледчыя прадоўжаць сваю працу да 14 жніўня. Мінулым разам суд працягваў тэрміны расьсьледаваньня да 14 чэрвеня. Украінскае заканадаўства вызначае два месяцы на правядзеньне дасудовага расьсьледаваньня з магчымасьцю працягу тэрмінаў, але ў суме ня больш чым на адзін год.

Суд некалькі дзён ня мог пачаць разгляд гэтых двух пытаньняў, паколькі Аляксандар Красоўскі і ягоны адвакат патрабавалі адводу судзьдзі. Яны сьцьвярджалі, што судзьдзя «прадузятая і не зусім аб’ектыўная», паколькі раней ухваліла рашэньні аб арышце грошай, знойдзеных у беларуса падчас вобшуку, але апэляцыйны суд скасаваў гэтыя рашэньні.

Заявы падазраванага і ягонага адваката вымушаны быў разглядаць іншы судзьдзя — ён не знайшоў падстаў для адводу сваёй каляжанкі, якая раней разглядала хадайніцтвы сьледчых аб арышце грошай і працягу тэрмінаў дасудовага расьсьледаваньня.

На ўсіх пасяджэньнях Аляксандар Красоўкі заяўляў аб сваёй невінаватасьці, а адвакат пераконваў суд у адсутнасьці доказаў яго віны. Урэшце судзьдзя ўхваліла абодва рашэньні — і аб працягу арышту, і аб працягу тэрмінаў расьсьледаваньня справы. Як і раней, яго будуць утрымліваць у Харкаўскім сьледчым ізалятары.

Што папярэднічала

Беларускага добраахвотніка Аляксандра Красоўскага затрымалі ў Харкаве 14 сакавіка, а на наступны дзень яму ўручылі падазрэньне ў зьдзяйсьненьні двух крымінальных злачынстваў.

Справу, якую расьсьледуе адзін з адзьдзелаў паліцыі Харкаўскай вобласьці, завялі сёлета 21 студзеня, а затрымалі беларуса толькі праз амаль два месяцы. Увесь гэты час — ад завядзеньня справы да затрыманьня — вялі таемныя сьледчыя дзеяньні.

Ураджэнца Менску падазраюць у самавольным пакіданьні вайсковай часткі (згодна з ч. 5 артыкулу 407 караецца пазбаўленьнем волі ад 5 да 10 гадоў) і ў нашэньні, захоўваньні, набыцьці, перадачы і збыце без законнага дазволу зброі і баявых прыпасаў (згодна з ч. 1 артыкулу 263 караецца пазбаўленьнем волі ад 3 да 7 гадоў).

Беларус Аляксандар Красоўскі ваяваў спачатку ў палку імя Кастуся Каліноўскага, а потым — у падразьдзеле «Тур» у складзе 225-га асобнага штурмавога батальёну, удзельнічаў у курскай апэрацыі.

Красоўскі мае вышэйшую адукацыю, разам з жонкай, якая служыць у Галоўным упраўленьні выведкі Мінабароны Ўкраіны, выхоўваюць дачку, якая мае другую групу інваліднасьці.

Аляксандар Красоўскі зьяўляецца поўным кавалерам ордэну «За мужнасьць». Апроч таго, яго ўзнагародзілі адзнакай прэзыдэнта Ўкраіны «За абарону Ўкраіны», адзнакай Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны «За мужнасьць пры выкананьні спэцыяльных заданьняў», знакам дэпартамэнту контрвыведкі СБУ, нагрудным знакам камандуючага аб’яднаных сіл Узброеных сіл Украіны.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG