Як стала вядома Свабодзе, сьледзтва з спазьненьнем падало выпраўленае хадайніцтва, але нават ня гэта паўплывала на чарговую адмову судзьдзі арыштаваць грошы.
Пры разглядзе пытаньня выявілі, што Аляксандар Красоўскі атрымаў 680 тысяч эўра ад іншага чалавека, а той у сваю чаргу пазычыў іх яшчэ ў пяці асобаў. Адпаведныя расьпіскі перадалі суду. Пры гэтым высьветлілася, што ў пачатку разгляду справы Аляксандар Красоўскі ўвогуле адмаўляўся называць імя асобы, ад якой атрымаў гэтыя грошы, і казаў, што яму прывезьлі фінансавыя сродкі з Канады ці Гішпаніі.
Паводле судзьдзі, сьледчыя павінны дапытаць усіх грамадзян, які нібыта пазычалі грошы, а таксама прадстаўнікоў вайсковай часткі, для якой беларус, як ён сьцьвярджаў, зьбіраўся набываць тэхніку і абсталяваньне, у тым ліку праверыць наяўнасьць адпаведных дамоваў і крыніцы фінансаваньня набыцьця.
У прыватнасьці, ішлося аб пастаўках у вайсковую частку перасоўных казармаў, лазьневых комплексаў і аўтамабіляў.
У той жа час суд адмовіўся ўхваляць рашэньне аб вяртаньні вялікай сумы гатоўкі затрыманаму беларусу.
Усе іншыя рэчы, якія знайшлі падчас ператрусу, арыштавалі. Сярод іх 518 патронаў рознага калібру, два запалы для ручной гранаты, тры гранаты, а таксама карта памяці, два мабільныя тэлефоны і адзін пляншэт.
Сьледзтва пасьля дадатковага вывучэньня паходжаньня грошай можа зьвярнуцца ў суд па дазвол на іх арышт у трэці раз або па абскарджаньне ўхваленага рашэньня.
Што папярэднічала
Беларускага добраахвотніка Аляксандра Красоўскага затрымалі ў Харкаве 14 сакавіка, а на наступны дзень яму ўручылі падазрэньне ў зьдзяйсьненьні двух крымінальных злачынстваў.
Справу, якую расьсьледуе адзін з аддзелаў паліцыі Харкаўскай вобласьці, завялі сёлета 21 студзеня, а затрымалі беларуса толькі праз амаль два месяцы. Увесь гэты час — ад завядзеньня справы да затрыманьня — вялі таемныя сьледчыя дзеяньні.
Ураджэнца Менску падазраюць у самавольным пакіданьні вайсковай часткі (згодна з ч. 5 артыкулу 407 караецца пазбаўленьнем волі ад 5 да 10 гадоў) і ў нашэньні, захоўваньні, набыцьці, перадачы і збыце без законнага дазволу зброі і баявых прыпасаў (згодна з ч. 1 артыкулу 263 караецца пазбаўленьнем волі ад 3 да 7 гадоў).
Беларус Аляксандар Красоўскі ваяваў спачатку ў палку імя Кастуся Каліноўскага, а потым — у падразьдзеле «Тур» у складзе 225-га асобнага штурмавога батальёну.
Красоўскі мае вышэйшую адукацыю, разам з жонкай выхоўваюць дачку, якая мае другую групу інваліднасьці.
Форум