Савет міністраў Беларусі прызначыў колішняга старшыню Гомельскага гарвыканкаму Ўладзімера Прывалава кіраўніком дзяржаўнай установы «Адміністрацыя свабоднай эканамічнай зоны «Гомель-Ратон» (СЭЗ).
Як вынікае з апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі пастанове, гэтым жа рашэньнем з пасады кіраўніка адміністрацыі СЭЗ звольнілі Дзьмітрыя Лебедзя.
Што папярэднічала
16 чэрвеня выданьне «Флагшток» з спасылкай на крыніцу, зьвязаную з выканаўчай уладай, паведаміла аб затрыманьні колішняга старшыні Гомельскага гарвыканкаму Ўладзімера Прывалава паводле падазрэньняў у махінацыях зь перапродажам кватэраў. Згодна з інфармацыяй выданьня, ён пэўны час быў у Гомельскім сьледчым ізалятары, а цяпер можа быць вызвалены з падпіскай аб нявыезьдзе.
18 чэрвеня ў Сьледчым камітэце зьняпраўдзілі крымінальны перасьлед экс-старшыні Гомельскага гарвыканкаму і заявілі аб завядзеньні справы паводле артыкулу 188 (паклёп) Крымінальнага кодэксу Беларусі. Цяпер вядуць сьледчыя дзеяньні «для вызначэньня асобаў, датычных да стварэньня фэйку і публічнага распаўсюду ілжывай інфармацыі».
Уладзімер Прывалаў кіраваў Гомлем з 2022 году. Сёлета ў траўні Аляксандар Лукашэнка ўзгадніў прызначэньне Руслана Пархамовіча на пасаду старшыні Гомельскага гарвыканкаму.
Форум