У Сьледчым камітэце Беларусі заявілі, што крымінальнай справы супраць колішняга старшыні Гомельскага гарвыканкаму Ўладзімера Прывалава няма.
«Сёлета ў чэрвені праз розныя інтэрнэт-рэсурсы стала распаўсюджвацца ілжывая інфармацыя аб затрыманьні і ўтрыманьні ў СІЗА колішняга старшыні Гомельскага гарвыканкаму Ўладзімера Прывалава. Гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасьці. Датычна Ўладзімера Прывалава крымінальную справу не заводзілі, крымінальны перасьлед не ажыцьцяўляўся», — сказана ў паведамленьні.
Згодна з інфармацыяй, Гомельскі гарадзкі аддзел Сьледчага камітэту завёў крымінальную справу паводле артыкулу 188 (паклёп) Крымінальнага кодэксу Беларусі. Цяпер вядуць сьледчыя дзеяньні «для вызначэньня асобаў, датычных да стварэньня фэйку і публічнага распаўсюду ілжывай інфармацыі».
Што папярэднічала
16 чэрвеня выданьне «Флагшток» з спасылкай на крыніцу, зьвязаную з выканаўчай уладай, паведаміла аб затрыманьні колішняга старшыні Гомельскага гарвыканкаму Ўладзімера Прывалава паводле падазрэньняў у махінацыях зь перапродажам кватэраў. Згодна з інфамарцыяй выданьня, ён пэўны час быў у Гомельскім сьледчым ізалятары, а цяпер можа быць вызвалены з падпіскай аб нявыезьдзе.
Уладзімер Прывалаў кіраваў Гомлем з 2022 году. Сёлета ў траўні Аляксандар Лукашэнка ўзгадніў прызначэньне Руслана Пархамовіча на пасаду старшыні Гомельскага гарвыканкаму.
Форум