Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Жлобіне была аварыя на водаканале, горад і тры найбліжэйшыя вёскі заставаліся без пітной вады

абноўлена
Людзі стаяць у чарзе па ваду, 9 ліпеня 2026 году
Людзі стаяць у чарзе па ваду, 9 ліпеня 2026 году

Старшыня Жлобінскага райвыканкаму Сяргей Ярац паведаміў, што праз «тэхнічную паломку» а чацьвёртай раніцы спынілі падачу вады на водазаборы «Лебедзеўка».

«Водазабесьпячэньне гораду часова спынілі. Тэрмінова сабралі камісію надзвычайных сытуацыяў», — паведаміла рэгіянальнае выданьне «Гомельская праўда».

Улады паведамілі, што жыхары могуць атрымаць пітную ваду ў чатырох месцах горада:

  • каля крамы «Три желания» па вуліцы Шашовая, 109;
  • каля гандлёвага цэнтру ў мікрараёне 16;
  • у 2-м мікрараёне каля невялікай крамы «Еўраопт»;
  • каля крамы «Суседзі» на вуліцы Казлова.

Паводле ўладаў, арганізавалі таксама дастаўку тэхнічнай і пітной вады ўстановам сацыяльнай сфэры. Аварыйныя брыгады спрабуюць аднавіць цэнтралізаванае водазабесьпячэньне.

Пазьней Міністэрства надзвычайных сытуацыяў паведаміла, што без вады засталіся яшчэ тры бліжэйшыя да Жлобіна вёскі — Саланое, Акцябр і Грабск.

Ратаўнікі прыехалі на месца аварыі, адпампавалі ваду на водазаборы і дапамаглі забясьпечыць тэхнічнай вадой цэнтральную раённую лякарню.

А 12-й гадзіне дня намесьнік старшыні Жлобінскага райвыканкама Сяргей Андрусеў паведаміў, што водазабесьпячэньне ў горадзе адноўленае, аднак рамонтныя працы працягваюцца, таму магчымае часовае пагаршэньне якасьці вады, паніжаны ціск у сетках і слабы напор.

Што папярэднічала і чаму гэта важна

Апошнім часам у Беларусі ўсё часьцей здараюцца праблемы з забесьпячэньнем вадою, хоць тарыфы на камунальныя паслугі растуць.

З пачатку году адбылося некалькі вялікіх аварыяў ці надзвычайных сытуацыяў:

  • у студзені Клецак двойчы за два дні быў без вады: прарвала трубы, пракладзеныя ў 1974 годзе;
  • у Гомлі таксама ў студзені праз аварыю 90 прыватных дамоў былі без вады;
  • у красавіку ў Рагачове некалькі дзён з кранаў цякла вада з пахам хімічных рэчываў;
  • у Менску пэрыядычна ўзьнікаюць праблемы зь якасьцю вады;
  • у чэрвені Салігорск праз аварыю застаўся без вады

У той жа час вядома, што больш за 500 000 жыхароў Беларусі ўвогуле ня маюць доступу да цэнтралізаванага забесьпячэньня вадой.

Паводле ўладаў, за апошнія пяць гадоў у Беларусі адкрылі каля 100 сьвідравінаў, пабудавалі больш за 1000 станцыяў абезжалезваньня вады і праклалі 250 км новых водаправодных сетак. Агулам для паляпшэньня якасьці вады ў краіне ажыцьцявілі больш за 1000 розных праектаў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG