Уладзіслава Місевіча ня стала ўвечары 6 ліпеня. Пра ягоную сьмерць выданьню Onlíner паведаміў іншы музыка — Валер Дайнека, які размаўляў з жонкай Місевіча.
«Яна расказала, што ўчора ўвечары Ўладзіслаў катаўся на роліках, потым прыйшоў дадому, прыняў кантрасны душ, і яму стала дрэнна. Верагодна, адарваўся тромб. Гэтая праблема турбавала яго зь дзяцінства».
Ролікавыя канькі былі звычайнай справай для Ўладзіслава Місевіча. Ён вёў актыўны лад жыцьця — узімку хадзіў на лыжах і катаўся на коўзанцы, улетку выкарыстоўваў ролікі.
Разьвітаньне з музыкам адбудзецца 9 ліпеня. У Беларусь з-за мяжы прыедзе адзіная дачка Місевіча Караліна.
Уладзіславу Місевічу быў 81 год. Разам з Уладзімерам Мулявіным ён быў ля самых вытокаў легендарных «Песьняроў». Ён выконваў розныя ролі ў гурце — быў бэк-вакалістам, саксафаністам, флейтыстам і кампазытарам.
Пасьля расколу ансамбля ў 1998 годзе Місевіч стварыў калектыў «Беларускія Песняры», у якім выступаў да 2021 году, затым заняўся сольнай творчасьцю.
На 25 ліпеня быў заплянаваны канцэрт пад Быхавам, сказаў былы гукарэжысэр «Песьняроў» Сяргей Восіпаў.
Форум