Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канстытуцыйны суд Казахстану прызнаў права Такаева балятавацца ў прэзыдэнты ў трэці раз

Касым-Жамарт Такаеў. Архіўнае фота
Касым-Жамарт Такаеў. Архіўнае фота

Канстытуцыйны суд Казахстану растлумачыў, што прэзыдэнт Касым-Жамарт Такаеў можа балятавацца на новы тэрмін паводле новай Канстытуцыі, якая набыла моц 1 ліпеня 2026 году.

Як паведаміла казахстанская служба Радыё Свабода, гэтае тлумачэньне Канстытуцыйны суд зрабіў пасьля адпаведнага звароту прэзыдэнта Казахстану Касым-Жамарта Такаева.

Пытаньне тычылася таго, ці могуць асобы, якія займалі дзяржаўныя пасады на падставе Канстытуцыі 1995 году, зноў выбірацца або прызначацца на гэтыя пасады ўжо паводле новай Канстытуцыі, якая набыла моц 1 ліпеня 2026 году.

Канстытуцыйны суд прыйшоў да высновы, што абмежаваньні, прапісаныя ў новым Асноўным законе, прымяняюцца толькі да абраньня або прызначэньня па новых правілах. Факты знаходжаньня на пасадзе ў пэрыяд дзеяньня Канстытуцыі 1995 году пры гэтым ня ўлічваюцца.

Гэта азначае, што сёлетні прэзыдэнцкі тэрмін Такаева, які павінен завяршыцца ў лістападзе 2029 году, ня будзе лічыцца першым тэрмінам паводле новай Канстытуцыі. У выпадку ўдзелу і перамогі на наступных выбарах ён зможа займаць пасаду прэзыдэнта да 2036 году.

Да моманту завяршэньня магчымага новага сямігадовага тэрміну яму будзе 83 гады.

Што папярэднічала і чаму гэта важна

Раней лічылася, што сёлетні тэрмін Такаева павінен стаць для яго апошнім. У 2022 годзе, пасля студзеньскіх падзей, у Канстытуцыю Казахстану ўнесьлі зьмены, паводле якіх прэзыдэнт можа абірацца толькі на адзін сямігадовы тэрмін без права перавыбраньня. У лістападзе таго ж году Такаева назвалі пераможцам пазачарговых прэзыдэнцкіх выбараў.

Новую Канстытуцыю ў Казахстане прынялі ў 2026 годзе. Яна была вынесена на рэфэрэндум 15 сакавіка і набыла моц 1 ліпеня. Праект новай Канстытуцыі быў падрыхтаваны паводле ініцыятывы Такаева і пры яго непасрэдным удзеле.

Крытыкі канстытуцыйнай рэформы заяўлялі, што яна ўзмацняе ўладу прэзыдэнта. Новая Канстытуцыя пашырыла паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы, у тым ліку ў кадравых пытаньнях: прэзыдэнт атрымаў права прызначаць шэраг ключавых службовых асоб без удзелу сэната, які зьліквідавалі.

У Беларусі ў 1996 годзе, па сутнасьці, адбыліся аналягічныя зьмены — па выніках рэфэрэндуму, які не прызналі эўрапейскія дзяржавы адлік пяцігадовага тэрміну прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі пачаўся па новаму, а прэзыдэнт атрымаў больш паўнамоцтваў, у тым ліку права на роспуск парлямэнту.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG