Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве — дзень жалобы. Колькасьць ахвяр расейскага абстрэлу павялічылася да 19 чалавек

Пашкоджаны расейскім абстрэлам 6 ліпеня жылы дом у Кіеве
Пашкоджаны расейскім абстрэлам 6 ліпеня жылы дом у Кіеве

За апошнія 24 гадзіны ад расейскіх абстрэлаў у розных вобласьцях Украіны загінулі сама меней 10 чалавек. Дзясяткі атрымалі раненьні.

У Кіеве 7 ліпеня абвясьцілі дзень жалобы праз вялікую колькасьць загінулых мірных жыхароў у выніку расейскага абстрэлу ў ноч на 6 ліпеня.

Як паведамілі ў Дзяржаўнай службе Ўкраіны ў надзвычайных сытуацыях, раніцай 7 ліпеня з-пад завалаў дасталі цела яшчэ аднаго загінулага. Ратавальныя работы яшчэ працягваюць.

Расейскія войскі не спыняюць абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. У ноч на 7 ліпеня нанесьлі ўдар па Палтаўскім раёне — на адным з прамысловых прадпрыемстваў на некалькіх лякацыях пачаліся пажары. Пацярпелых няма.

У Запароскай вобласьці — тры чалавекі загінулі і 28 атрымалі раненьні. Паводле мясцовых уладаў, за апошнія 24 гадзіны расейскія войскі нанесьлі 1163 удары па 45 населеных пунктах Запароскай вобласьці. Ёсьць 248 паведамленьняў аб пашкоджаньні аб’ектаў інфраструктуры, аўтамабіляў і гаспадарчых памяшканьняў.

У Харкаве — адзін чалавек атрымаў раненьні. На месцы пацэльваньня пачаўся пажар, але яго хутка патушылі.

У Херсонскай вобласьці загінулі 2 чалавекі і 30 атрымалі раненьні, у тым ліку 2 дзяцей. Расейскія войскі білі па крытычнай і сацыяльнай інфраструктуры: пашкоджаныя 8 шматпавярховікаў, 83 прыватныя будынкі, банк, адміністрацыйнае памяшканьне, краму, дом культуры, гандлёва-забаўляльны цэнтар, газаправод, аўтамабіль хуткай дапамогі, а таксама гаражы і аўтамабілі.

У Сумскай вобласьці тры чалавекі загінулі. Як і ў іншых рэгіёнаў, пад расейскім ударам — сацыяльная інфраструктуры і прамысловыя прадпрыемствы. Цягам апошніх 24 гадоў ад абстрэлаў пацярпелі 20 населеных пунктаў вобласьці, найбольш — Сумскі і Шосткінскі раёны.


Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG