Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікіта Залатароў расказаў пра спробу суіцыду ў калёніі і пляны жыцьця ў выгнаньні

Мікіта Залатароў, 2021 год
Мікіта Залатароў, 2021 год

Былы непаўналетні палітвязень Мікіта Залатароў даў інтэрвію пасьля вызваленьня і вывазу зь Беларусі ў Літву.

Адзін з самых маладых палітвязьняў у інтэрвію «Салідарнасьці» расказаў пра ціск за кратамі, законы, якія не працуюць, і жыцьцё з нуля ў Літве, пра хваляваньне за бацьку, які застаецца ў няволі.

Увесну 2026 году Мікіта апынуўся сярод 15 палітвязьняў, якіх улады Беларусі «памілавалі» і вывезьлі зь Беларусі ў Літву. Тым часам асудзілі ягонага бацьку, Міхаіла Лапунова.

«Я атрымаў міжнародную абарону ў Літве, але пакуль не зрабіў пашпарт, у працэсе. Ёсьць сякія-такія падпрацоўкі, але пакуль афіцыйнай працы, каб уладкавацца на адным месцы, не знайшоў. Гэта ў плянах. Пакуль хачу разабрацца з інтэграцыяй: курсы літоўскай, яшчэ нешта», — кажа Мікіта.

Мікіту не далі скончыць школу, ён мае толькі базавую адукацыю. Але ў калёніі яму не далі скончыць 11 класаў, хоць закон гэта дазваляе:

«А яны проста зрабілі па-свойму: калі мне споўнілася 18 гадоў, сказалі, што базавая адукацыя ў цябе ёсьць, ну і ўсё, давай, валі адгэтуль. Магчымасьці ніякай не далі. Яны мне кажуць: вось выйдзеш з ШЫЗА, тады будзеш вучыцца. Кажу: дык дайце мне выйсьці. Вы ж штучна мне кляпаеце парушэньні. Пылінку знайшлі на дужцы ложка, павучыньне ў куце вісіць, гузік расшпілены — пішуць рапарт, паехаў у ШЫЗА і адтуль выбрацца ня можаш, знаходзяць, за што дадаць. У мяне было такое, што праседзеў у ШЫЗА бяз выхаду пяць з паловай месяцаў».

Адміністрацыя калёніі прыцягвала хлопца да працы: Мікіту адпраўлялі зьбіраць паддоны, чысьціць медзь.

Мікіта расказаў пра свайго зьняволенага бацьку:

«Калі размаўлялі зь ім апошні раз, ён быў не такі сумны. Гэта значыць, рады за мяне, што я на волі — ён ужо ня так хвалюецца і крыху лягчэй свой тэрмін адбываць. А зь іншага боку, на яго ціснуць: ШЫЗА, пазбаўляюць пасылак — нічога ня можа атрымаць ад родных. Са здароўем у яго больш-менш, але імунітэт слабы, ёсьць праблемы з сэрцам. І я за яго вельмі хвалююся».

Мікіта расказваў, што пры затрыманьні яго моцна білі, аж да лякарні — але па скарзе адваката «не знайшлі складу злачынства». У ШЫЗА хлопцу не давалі таблетак, нягледзячы на прыступы эпілепсіі.

«Некаторыя супрацоўнікі, якія яшчэ ня страцілі чалавечага аблічча, ставіліся больш ляяльна. У іх не было асабістай няпрыязі да мяне, злараднасьці, што вось я «палітычны» і мяне трэба пакараць як сьлед. Яны не маглі стварыць для мяне мякчэйшыя ўмовы, гэта ня ў іхных магчымасьцях — але маглі папярэдзіць, што на мяне рыхтуюць рапарт, бо начальнік загадаў адправіць у ШЫЗА. Але былі і абсалютна адваротныя прыклады.

Ніводнага спатканьня з роднымі за больш чым 5,5 года ў няволі Мікіце не далі. Дазвалялі званкі, але атрымаць дазвол было вялікай удачай. У верасьні летась стала вядома, што Мікіта ў няволі рэзаў вены.

Пра спробу суіцыду

«Так, гэта быў жэст роспачы, бо ціск узмацніўся да такой ступені, што ўжо не вытрымліваў. Калі прыехаў у Воршу, у ПК-8, мне сказалі: маўляў, тэрміну ў цябе засталося няшмат, дасядзі спакойна, не буянь, не парушай. Добра, так і вы мяне не чапайце, ня зьдзекуйцеся далей — я таксама хачу без парушэньняў адбыць, вызваліцца, родных убачыць на спатканьні.

Але ўжо на карантыне, куды нас адразу пасьля этапу адправілі, я зразумеў, што дасядзець спакойна не дадуць. Пачалі падсылаць правакатараў: хтосьці ходзіць увесь час паблізу, слухае, што ты кажаш, пра што, спрабуюць вывесьці на шчырасьць. Увесь час прыходзілі зь ператрусамі і прыдзіркамі — тры-чатыры разы на дзень маглі перавярнуць сумкі і тумбачкі, а потым чапляцца, чаго гэта вопісу няма. А як я знайду вопіс, калі рэчы ўсе перавернутыя?

Выклікаў мяне «на кабінэт» апэратыўны работнік Гурскі, начальнік, і давай таксама пытаньні задаваць правакацыйныя, камэнтары даваць абразьлівыя. Проста сказаў: у атрад мы цябе ня выпусьцім, пойдзеш у ШЫЗА і ў ПКТ («памяшканьне камэрнага тыпу». —РС ). Я ажно ня вытрымаў: што, кажу, я такога зрабіў, чым адрозьніваюся ад асноўнай масы асуджаных? У вас пэдафілы, забойцы, наркаманы сядзяць, глядзяць тэлевізары, ходзяць на спатканьні, каўбасу ядуць. А хлапчук, які з 16 гадоў сядзіць, хоць ніякага злачынства ня зьдзейсьніў — нельга нават, каб звычайныя чалавечыя ўмовы ў мяне былі? Памыцца, з блізкімі пагутарыць? Мне ў адказ: ты злачынец, ты пайшоў супраць дзяржавы, будзеш сядзець і гэтак далей.

Бясконцы ціск, ніякіх лістоў ад родных, плюс мяне трымалі ў такіх маленькіх камэрах, там не было дзе сесьці. Рукамыйнік з іржавай вадой, дапатопныя прыбіральні сьмярдзючыя з часоў Савецкага Саюзу, бэтон, холад — гэта значыць, спэцыяльна стваралі ўмовы, каб ня вытрымаў. І давялі.

Я дэманстратыўна ўсё рабіў на камэру. А відэа наўпрост ідзе ў Менск, у дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, самы галоўны над калёніямі. І калі яны бачаць спробу суіцыду, дзяжурны адразу абавязаны паведаміць. Яны гэтага вельмі баяцца. Тут усе пачалі мітусіцца, мэдработнікі прыбеглі, потым мяне пачалі выклікаць на размову галоўныя начальнікі, палкоўнікі там. І ціск усё ж крыху аслабілі».

Вызваленьне і выправаджэньне зь Беларусі

Літаральна за пару дзён да вызваленьня, дадае Мікіта, яму зноў стала дрэнна: упаў, страціў прытомнасьць. Прыступ быў настолькі моцным, што зрабіць выгляд, быццам усё ў парадку, адміністрацыя не рашылася. Некалькі дзён ён правёў у мэдычнай частцы пад кропельніцамі. Ужо ў Літве стан стабілізаваўся ў лепшы бок — і лекары, і сам Мікіта лічаць, што стала менш стрэсу. Хоць цяжкія сны яго не адпускаюць дагэтуль.

Што далей рабіць на волі, Мікіта пакуль ня вырашыў:

«Такога, каб сур’ёзна ісьці некуды вучыцца, не пляную. Бо тут, каб у інстытут ці нават у тэхнікум пайсьці, трэба 12 клясаў скончыць. А ў мяне ўсяго 9. І што, у 22 гады ў школу пайду? Таму пакуль арыентуюся на працу, знайсьці нешта сталае, каб была свая крыніца даходу і я мог выжываць. А потым ужо можна будзе думаць пра адукацыю, недзе вучыцца. Людзі і ў 40 гадоў, і пазьней новаму вучацца, так што — якія мае гады. Галоўнае — здароўе, а ўсяго астатняга можна дасягнуць, было б жаданьне. І, вядома, я вельмі спадзяюся, што публічнасьць дапаможа майму бацьку. Што людзі, якія падтрымліваюць беларускіх палітвязьняў, уключаць і яго ў сьпісы і змогуць дамагчыся яго вызваленьня, каб не было гэтай разлукі».

  • 16-гадовага Мікіту Залатарова затрымалі 11 жніўня 2020 году.
  • Пасьля хуткага сьледзтва яго асудзілі на 5 гадоў пазбаўленьня волі за
  • «арганізацыю масавых беспарадкаў» (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу),
  • «гвалт або пагрозу ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных справаў» (арт. 364 КК),
  • «незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў» (арт. 295 КК).

Пазьней на Залатарова завялі яшчэ адну крымінальную справу.

Паводле яе матэрыялаў, малады чалавек «наўмысна зрабіў падножку супрацоўніку СІЗА Лучкіну», потым схапіў яго «за валасы і шыю, прычыніўшы фізычны боль і нанёсшы пабоі», а таксама «выказаў пагрозу ўжываньня гвалту ў адрас супрацоўніцы Хаўбок і яе блізкіх». Кожны з пацярпелых супрацоўнікаў СІЗА запатрабаваў кампэнсацыю ў 1000 рублёў.

12 ліпеня 2021 году Залатарова асудзілі на 1,5 году калёніі агульнага рэжыму паводле арт. 364 КК. Шляхам частковага складаньня тэрмінаў канчатковым пакараньнем для яго стала 4,5 году выхаваўчай калёніі.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG