У Тэгеране пачаліся шасьцідзённыя жалобныя цырымоніі, разьвітаньня з найвышэйшым лідэрам (рахбарам) Ірану аяталом Алі Хамэнэі. Дзьверы ў малітоўны комплекс Вялікая Мусаля адчынілі на сьвітанку, яго запоўнілі прыхільнікі Ісламскай рэспублікі, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
Вакол велізарнага малітоўнага комплексу надзвычай узмацнілі захады бясьпекі. Спэцназ і іншыя сілы бясьпекі разьмешчаныя па ўсім раёне, навакольныя дарогі закрылі за некалькі гадзін да пачатку цырымоніі. Як паведамляюць, улады ўстанавілі зону, забароненую для руху транспарту, больш чым за адзін кілямэтар да месца рытуалу.
Труны зь целамі Алі Хамэнэі і чатырох ягоных сямейнікаў, забітых у першы дзень амэрыкана-ізраільскай вайны супраць Ірану, выстаўленыя на агляд і будуць заставацца там да 6 ліпеня.
Ісламісцкія ўлады раней заяўлялі, што на разьвітаньні з рахбарам чакаецца каля 20 мільёнаў чалавек. Частка тых, хто ўжо прыходзіў на разьвітаньне, згодна з паведамленьнямі дзяржаўнай іранскай прэсы, патрабавала адпомсьціць Ізраілю і ЗША за ягонае забойства.
Затым парэшткі Алі Хамэнэі перавязуць у сьвяты горад Кум, пасьля чаго выставяць у Багдадзе, Кэрбэлі і Наджафе ў суседнім Іраку. Хамэнэі пахаваюць у ягоным родным горадзе Мэшхэд на паўночным усходзе Ірану 9 ліпеня.
Высокапастаўленыя іранскія чыноўнікі і замежныя прадстаўнікі аддалі памерламу даніну павагі 3 ліпеня, але Муджтаба Хамэнэі, другі сын памерлага найвышэйшага лідэра і ягоны пераемнік, дагэтуль не зьявіўся каля труны. Трэці рахбар Ісламскай рэспублікі не паказваўся на публіцы пасьля таго, як атрымаў раненьні ў той жа атацы, у якой загінулі ягоныя бацька і жонка.
Пакуль незразумела, хто будзе маліцца над парэшткамі Алі Хамэнэі ў Тэгеране 5 ліпеня, папярэдне вядома, што гэта будзе ня новы найвышэйшы лідэр, а высокапастаўлены сьвятар.
Напярэдадні пахаваньня іранскія ўлады апісвалі цырымонію як «найважнейшую падзею стагодзьдзя» і «найбольш унікальную падзею ў гісторыі чалавецтва».
Але Тагі Рахмані, праваабаронца і муж ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі міру Наргес Мухамадзі, заявіў у інтэрвію «Радыё Фарда», што гэтая зацягнутая справа задуманая як дэманстрацыя таго, што дзяржава «ўсё яшчэ стаіць» і аднаўляе сябе пасьля вайны.
Шасьцідзённым разьвітаньнем таксама спрабуюць адсунуць на задні плян тысячы сьмерцяў ад рук рэжыму Хамэнэі. Гінулі пакараныя сьмерцю, людзей забівалі ці даводзілі да сьмерці пры масавых арыштах, катаваньнях, злоўжываньнях у турмах і сьмяротных рэпрэсіях супраць іншадумцаў, у тым ліку жанчын, — грамадзкіх дзеячоў, журналістаў і палітычных зьняволеных.
Тагі Рахмані патлумачыў, чаму так востра стаіць пытаньне прысутнасьці на цырымоніі менавіта Муджтабы Хамэнэі. Рэч ня толькі ў тым, што разьвітваюцца зь ягоным бацькам. Паводле Рахмані, удзел у разьвітаньні ёсьць асноўным складнікам рытуалу пераняцьця пасады.
«Будучы кіраўнік павінен маліцца над целам ранейшага лідэра, менавіта так ён набывае фармальную легітымнасьць», — патлумачыў Рахмані. «Гэта адна з галоўных прычынаў, чаму паўстала пытаньне прысутнасьці Муджтабы Хамэнэі».
Удзел дэлегацыі Беларусі
Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі ня раз сустракаліся зь лідэрамі ісламісцкага рэжыму ў Іране. Дэлегацыя зь Менску прыехала і на разьвітаньне з Алі Хамэнэі, зь якім перамовы раней вёў Аляксандар Лукашэнка.
Напярэдадні, 3 ліпеня, на цырымоніі быў старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергеенка. Акрамя ўдзелу ў самой цырымоніі, ён сустрэўся з старшынём Сходу ісламскай рады Ірану Мухамад-Багерам Галібафам і перадаў яму спачуваньні ад Лукашэнкі.
Ігар Сергеенка заявіў, што «Беларусь працягне аказваць Ірану ўсебаковую падтрымку ў абароне сувэрэнітэту і бясьпецы яго грамадзян».
Форум