Паляваць дазволена з засады і з падыходу, паведамілі БелТА ў прэс-службе Беларускага таварыства паляўнічых і рыбакоў. Дапускаюць выкарыстаньне наразной паляўнічай зброі, дазволенай для здабычы жывёлы, гладкарульнай — ня меншай за 16 калібр з патронамі з куляй, а таксама паляўнічых сабак.
Паводле ўліку, у 2026 годзе ў паляўнічых гаспадарках Беларускага таварыства паляўнічых і рыбакоў, дзе палююць на мядзьведзя (гэта Віцебская, Глыбоцкая, Гарадоцкая, Докшыцкая, Лёзьненская, Аршанская, Ушацкая, Барысаўская гаспадаркі), зафіксавана 445 асобін, зь іх заплянавалі здабычу 35.
Дазволы на здабычу мядзьведзяў выдаюць у рамках паляўнічых тураў зь беларускімі і замежнымі паляўнічымі, а таксама праз штотыднёвыя розыгрышы. Пры гэтым колькасьць дзён на забойства мядзьведзя з такім дазволам павялічылі з аднаго да трох.
Летась у канцы сэзону паляваньня ў Беларускім таварыстве паляўнічых і рыбакоў паведамілі цану ліцэнзіяў на паляваньне на мядзьведзя. Так, грамадзянін Беларусі мае заплаціць за дазвол паляваць 6 тысяч рублёў, а грамадзяне краін ЭАЭС (у Эўразійскі эканамічны саюз уваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан і Расея. — РС) — 10 000 рублёў.
Чаму дазволілі паляваньне на мядзьведзя
У Беларусі панізілі прыродаахоўны статус мядзьведзя і дазволілі паляваць на яго з 1 ліпеня па 31 сьнежня. У сярэдзіне ліпеня 2025 году ўпалявалі першага мядзьведзя, а ў верасьні паведамілі аб 10 упаляваных жывёлах.
Улады Беларусі дазвол апраўдваюць тым, што апошнімі гадамі вырасла колькасьць гэтых дзікіх жывёлаў. І мядзьведзі, застаючыся ў Чырвонай кнізе Беларусі, цяпер адначасова ўпісаныя ў пералік нармаваных паляўнічых жывёлаў.
Да ўдзелу ў атрыманьні права паляваць на мядзьведзя дапускаюць паляўнічых з стажам, большым за тры гады.